Вулічныя артысты фэста вулічнага мастацтва «На сямі вятрах» зноў стварылі асаблівую атмасферу «славянкі»

logo
Понедельник, 20.07.2020 15:33 | Рубрика: Славянский Базар в Витебске
05410

Фэст вулічнага мастацтва «На сямі вятрах» ладзіцца ў рамках «Славянскага базару ў Віцебску» шосты раз. Вулічныя артысты ствараюць тую самую асаблівую атмасферу «славянкі».


У праграме гэтага года – сем лакацый, сотні (і гэта не перабольшанне) выступленняў. Тыя, хто 17 ліпеня патрапіў на адкрыццё фэсту, мелі магчымасць пабачыць усіх артыстаў, мімаў, танцораў, паэтаў, музыкантаў і дзіджэяў разам на Пушкінскай плошчы – усяго больш за 400 чалавек з розных куткоў Беларусі.

У гэты раз фэст прайшоў пад слоганам «Паміж небам і зямлёй: вецер, любоў, Віцебск і мы». Тэатр, музыка, перформанс, харэаграфія, файер-шоў, паэзія, выяўленчае мастацтва – вуліцы горада пераўтварыліся ў адну вялікую мастацкую пляцоўку. За дэкарацыі – масты, ліхтары і фантаны. Артысты пераходзілі з месца на месца, каб як мага большая колькасць людзей змагла ацаніць іх выступленні, захаваўшы пры гэтым «пазітыўную» дыстанцыю. Вулічныя танцы, жывую музыку, барабанныя рытмы ўзмацніў тандэм дзіджэяў і аўтагуку.

Да прывычных пляцовак фэсту дадалася і віртуальная – #НебаВіцебска. Многія гараджане і госці паўдзельнічалі ў чэленжды – здымалі віцебскае неба і выкладвалі фота ў свой Іnstagram з актуальным хэштэгам. Галоўная ўмова – у кадр абавязкова павінны трапіць фрагменты архітэктуры горада. Аўтар і кіраўнік фэста «На сямі вятрах» Улада Цвікі расказала, што лепшыя работы патрапяць у фотакнігу, якую збярэ віцебскі клуб «ФотаКрок».

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА. Фота аўтара.