Iмёны лаўрэатаў літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі і прэміі імя Уладзіміра Караткевіча за 2020 год назвалi ў Вiцебску

logo
Понедельник, 28.12.2020 17:04 | Рубрика: Культура
03412

У Віцебскай абласной бібліятэцы адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў абласной літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі і абласной прэміі імя Уладзіміра Караткевіча за 2020 год, заснаваных аблвыканкамам з мэтай папулярызацыі лепшых літаратурных твораў, павышэння прэстыжу творчай працы ў сферы літаратуры і стымулявання таленавітых пісьменнікаў.

Творы сучасных паэтаў і празаікаў Віцебшчыны прасякнуты любоўю да роднай зямлі і яе гісторыі, як і ўся творчасць іх выбітных землякоў. Літаратурную прэмію імя Петруся Броўкі ў намінацыі «Проза» атрымала Зоя Наваенка за кнігу «Детство в тумане войны», у намінацыі «Паэзія» – Галіна Загурская за зборнік вершаў «Бераг зарападаў». У раздзеле «Літаратура для дзяцей» узнагароджана Маіна Кузняцова-Бабарыка за кнігу «Елграф и волшебные ножницы».

Уладальнікамі ўзнагароды таксама сталі празаікі Ганна Навасельцава за кнігу «Калі цябе спаткае Казка…» і Галіна і Сяргей Трафімавы за кнігу «Мой родной край. Орша. Оршанский район». За зборнік вершаў «Будем жить…» прэмію атрымала Тамара Краснова-Гусачэнка. У намінацыі «Прапаганда жыцця і творчасці Уладзіміра Караткевіча» адзначаны Аркадзь Русецкі за кнігу «Уладзімір Караткевіч: яго зорка не згасне ніколі… (Спроба літаратурнай біяграфіі)» і шматгадовую працу па прапагандзе творчасці пісьменніка.

З ганаровай узнагародай літаратараў павіншавалі намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пенін, начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Пётр Падгурскі, старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Краснова-Гусачэнка і пажадалі ім творчых поспехаў.

З кнігамі пісьменнікаў-лаўрэатаў можна азнаёміцца ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі абласной бібліятэкі.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Таццяна ЛУЗАН, загадчык сектара сацыякультурнай дзейнасці і маркетынгу Віцебскай абласной бібліятэкі. Фота аўтара.