Элементу «Традыцыйнае інструментальнае выканальніцтва на дыятанічных цымбалах» пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Дыятанічныя цымбалы – старадаўні аўтэнтычны музычны інструмент, які захаваў свой найбольш старажытны выгляд. І сёння яны вырабляюцца майстрамі Пастаўскага раёна – Уладзімірам Мычко (яму, дарэчы, 90 год!), Валянцінам Жагула, Аляксандрам Пачкоўскім. На абласной выставе-конкурсе «Чароўныя гукі майстэрства», якая адбывалася ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці, майстры сталі ўладальнікамі вышэйшых узнагарод.
Традыцыя ігры на дыятанічных цымбалах не прырывалася з 1939 года, калі 8 сакавіка ў Груздаўскім сельскім клубе Пастаўскага раёна ўпершыню адбыўся канцэрт мясцовых цымбалістаў. З тых часоў на Пастаўшчыне гістарычна існуюць дзве выканальніцкія школы народных музыкаў – Варапаева і Груздава. Груздаўскія цымбалы – самаробныя, дыятанічныя, іх гукарад ахоплівае 7 танальнасцей.
Менавіта ў Паставах больш за 30 гадоў праходзіць Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік», а варапаеўскія музыкі – першыя на раённых і абласных святах «Іграй гармонь» ускалыхнулі натхненне народных выканаўцаў.
На сённяшні дзень у Пастаўскім раёне налічваецца 5 носьбітаў і 17 пераемнікаў выканальніцкай традыцыі на дыятанічных цымбалах. Так, яна бытуе ў сям’і Мацкевічаў з райцэнтра Паставы, якая з’яўляецца пераемніцай груздаўскай школы. Элемент перадаецца ў мясцовай супольнасці музыкантаў ад пакалення да пакалення. У моладзі фарміруецца пачуццё самабытнасці і пераемнасці, садзейнічаючы тым самым павазе да культурнай разнастайнасці і творчасці чалавека. Таксама ад настаўніка да вучня перадаецца традыцыя на занятках у Пастаўскай дзіцячай школе мастацтваў імя А. Тызенгаўза.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.