У траўні, чэрвені і ліпені птушаняты-подлеткі пакідаюць гнёзды, каб навучыцца жыць без бацькоў. Убачыўшы малеч, людзі часам хочуць дапамагчы ім і забіраюць іх дадому. Тлумачым, чаму так рабіць нельга. Паведамляе «Ахова птушак Бацькаўшчыны».
Калі птушаня сядзіць на зямлі, гэта не значыць, што яно траўмаванае або пакінутае бацькамі. Рэч у тым, што птушаняты стараюцца пакінуць гняздо як мага хутчэй, бо ў гняздзе драпежнікам нашмат лягчэй іх знайсці.
Часта птушаняты-подлеткі выскокваюць з гнязда яшчэ з кароткімі махавымі пёрамі і не могуць лятаць. Таму яны прызямляюцца на галінкі ці на зямлю. Пакрысе яны трэніруюцца і вучацца лётаць, а бацькі знаходзяцца побач, на гнездавым участку, і прыглядаюць за імі ды кормяць. Таму забіраць ці пераносіць птушанят у іншае месца (“ратаваць”) нельга: вы не паклапоціцеся пра іх лепш за бацькоў!
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.