
Колькі іх яшчэ ляжыць у нашай зямлі? Невядомых абаронцаў 1941 года. Тых, хто сваім жыццём бараніў вялікую Радзіму ад ворага, хто сарваў планы «маланкавай вайны», хто даў магчымасць правесці эвакуацыю людзей і прадпрыемстваў, падрыхтаваць абарону ў глыбіні краіны.
Пра іх, за рэдкім выключэннем, раней не прынята было гаварыць, але менавіта яны пачалі каваць Вялікую Перамогу 1945 года.
Вайна не хоча вяртаць нам імёны і лёсы загінуўшых салдат. А час няўмольна знішчае сляды былых баёў. Яны аддалі свае жыцці за нас, за нашу будучыню, за нашу свабоду. Таму нам, жывым, трэба ведаць іх імёны.
— 492 імя воінаў, якія раней лічыліся невядомымі, устаноўлены за апошнія гады, і работа ў рамках праекта «Не было безыменных салдат» працягваецца, — гаварыла ў сваім выступленні старшыня раённага Савета дэпутатаў І.Новікава. — У гэтым святым месцы мы ўспамінаем салдат, чый подзвіг немагчыма змерыць нічым. Нам, нашым нашчадкам трэба раўняцца на іх і быць дастойнымі дзядоў і прадзедаў. І няхай ніколі нашы дзеці і ўнукі не зведаюць жахаў вайны.
Словы пашаны воінам, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны выказвалі ўсе выступаючыя. Са слязамі на вачах прачытала верш, прысвечаны загінуўшым воінам, васьмігадовая Антаніна Васёха. Кароткую службу за спачын душы загінуўшых воінаў правёў благачынны цэркваў Шумілінскай акругі протаіерэй Фёдар Пучынскі. Пад гукі Дзяржаўнага гімна Беларусі і стрэлы воінскага салюту астанкі салдат былі аддадзены зямлі. Да магілы кладуцца вянкі і кветкі ад прадстаўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў раёна, грамадскасці, мясцовых жыхароў. Аддаючы апошні доўг сваім папярэднікам, прайшлі ўрачыстым маршам цяперашнія байцы Узброеных Сіл нашай краіны.

Віталь звязаўся з 52-м спецбатальёнам. Калі воіны-пошукавікі прыехалі, ён паказаў яшчэ адно месца, адкуль раней прагнаў «чорных капальнікаў». Там былі знойдзены астанкі яшчэ пяці чалавек.
Байцы 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна ў ходзе палявых работ у раёне вёскі Мікалаева знайшлі астанкі 9 воінаў Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі, якія загінулі ў 1941 годзе. З астанкамі былі знойдзены чатыры салдацкія капсулы-медальёны.
Дарэчы, Віталь выказаў і сваю версію гібелі салдат — хутчэй за ўсё іх забіла, калі яны рыхтаваліся да бою ці змагаліся з ворагам. Забіла адным снарадам, бо яны ляжалі выпадкова, былі ў касках, на поясе замацаваны гранаты. Непадалёк былі знойдзены артылерыйскія снарады. Дарэчы, Іван Коп’еў — артылерыст.

Наталля ЧАРНІЧЭНКА, Шуміліна.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.