Тыдзень роднай мовы ў Віцебску пачаўся з прэзентацыі кнігі «Беларуская мова ад А да Я»

logo
Пятница, 14.02.2025 12:17 | Рубрика: Общество
01140

14 лютага/ «Віцьбічы» /Мікіта Яблакаў/. Тыдзень роднай мовы ў Віцебску пачаўся з прэзентацыі кнігі «Беларуская мова ад А да Я».

Выданне прадставіў дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, старшыня Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ігар Капылоў у Віцебскай абласной бібліятэцы на творчай сустрэчы «Пароль неўміручасці — родная мова».


— Гэта навукова-папулярнае выданне, у якім знойдуць каштоўныя для сябе веды як дзеці, так і дарослыя, — расказаў Ігар Капылоў. — Кніга па-свойму ўнікальная: яна змяшчае вялікі блок гістарычнай інфармацыі, але пададзена яна проста і зразумела.

У кнізе ў папулярнай форме распавядаецца пра галоўныя падзеі ў гісторыі развіцця нацыянальнай мовы, яе адметныя рысы, знакавыя пісьмовыя помнікі і сучасныя слоўнікавыя выданні. Прыводзяцца цікавыя моўныя факты, выказванні паэтаў і пісьменнікаў пра роднае слова, самабытная лексіка, прыказкі, якія адлюстроўваюць каларыт беларускай мовы. Інфармацыя суправаджаецца багатым ілюстрацыйным матэрыялам. Тыраж выдання — 2 тысячы асобнікаў.


— Беларуская мова, акрамя таго, што яна старажытная, яшчэ і вельмі багатая. У яе слоўнікавы склад зараз уваходзіць каля мільёна слоў, — падкрэсліў дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа.

Напрацягу тыдня ў абласной бібліятэцы пройдуць мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы. Сярод іх — традыцыйная і ўсім вядомая агульная дыктоўка. Адбудзецца сустрэча з беларускай паэтэсай Галінай Загурскай «Тулюся, край, заўсёды да цябе…».




© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Мікіта ЯБЛАКАЎ. Фота Ганны ЛЯВОНЬКІНАЙ.