Сямейны раман з прыхільнасцю да Караткевіча: як дзяўчына сустрэла будучага мужа дзякуючы творам класiка

logo
Среда, 26.11.2025 09:06 | Рубрика: Общество
01031
Вядомаму беларускаму класіку Уладзіміру Караткевічу сёння споўнілася б 95 гадоў. Да гэтай даты прымеркаваны шэраг урачыстых мерапрыемстваў. Кожны, хто знаёмы з творчасцю мэтра айчыннай літаратуры, можа ўзгадаць свае любімыя раман і дэтэктыў, фальклорныя ці філасофскія аповесці і казкі. Хачу падзяліцца з чытачамі гісторыяй маёй блізкай сяброўкі, якая сустрэла будучага мужа дзякуючы дзіўнаму павароту лёсу і творам пісьменніка.


Браслаўчанка Ірына яшчэ са школьнай пары захаплялася прозай Уладзіміра Караткевіча. Падчас вучобы ва ўніверсітэце дзяўчына адкрыла для сябе яшчэ больш яго аповесцяў, гістарычных і прыгодніцкіх раманаў, звярталася да літаратурна-крытычных матэрыялаў даследчыкаў творчасці вядомага пісьменніка.

І вось у 92-і дзень нараджэння Караткевіча Ірына запісала і выклала відэа ў адной з сацыяльных сетак, узгадваючы любімага персанажа Гервасія Выліваху з гістарычнай навелы «Ладдзя Роспачы». Галоўны герой нават у хвіліны адчаю прытрымліваўся прынцыпу «Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, — і тады пераможаш».

У гэты ж час малады аршанец Антон Шыбека пачаў цікавіцца, што ў сацсетках з’явілася пра яго любімага пісьменніка і земляка. Прагледзеўшы відэа Ірыны, хлопец вырашыў ёй напісаць. «Ці жадаеце пазнаёміцца з маладым Караткевічам?» — заінтрыгаваў з першых слоў.

І паміж маладымі людзьмі завязаўся дыялог. Званілі, пісалі адно аднаму штодзённа, абменьваліся фота… Перад Новым годам Іра атрымала ад прывабнага аршанскага хлопца, які сапраўды быў падобны на пісьменніка ў маладосці, віншавальную паштоўку, салодкiя ласункi і навагодні шар для елачкі з выявай Караткевіча з кацянятамі. У студзені маладыя людзі ўбачыліся, з першых хвілін спадабаліся адно аднаму. У гэты ж дзень Антон зрабіў Ірыне прапанову выйсці за яго замуж! І яна з трапятаннем у сэрцы дала сваю згоду. Не менш рамантычная сустрэча ў закаханых адбылася праз некалькі тыдняў на аршанскім замчышчы. Антон чытаў для Іры вершы Караткевіча, да якіх дапісаў некалькі слупкоў, і з самымі пяшчотнымі словамі ўручыў каханай новы пярсцёнак, бо першы не падышоў па памеры.

Вяселле маладыя, як і планавалі падчас жартоўных размоў зімой, згулялі ў Мінску летам. З таго свята прайшло больш за два гады, але сямейнае жыццё беларускамоўнай пары застаецца такім жа багатым на вандроўкі і прыгоды. Іра і Антон зусім не дамаседы, яны выязджаюць у вялікія і маленькія гарады, знаёмяцца з мясцовай гісторыяй і культурай, архітэктурнымi помнікамі, наведваюць музеі, а таксама мерапрыемствы, прымеркаваныя да народных святаў. У Оршы маладыя заходзілі ў музей Уладзіміра Караткевіча, бачылі бацькоўскую хату пісьменніка на аднайменнай вуліцы. Адтуль, дарэчы, Ірына і Антон прывезлі жменьку зямлі і падчас наведвання Усходніх могілак паклалі каля помніка беларускаму класіку.

Як праходзяць вечары ў гэтай сям’і? Больш насычана, чым мы можам сабе ўявіць: Іра гатуе гарбату на зёлках, пячэ ванільныя сырнікі і разам з Антонам чытае казкі, паэмы ці раманы Уладзіміра Караткевіча. Сапраўды, гісторыя кахання гэтых людзей моцна звязана з адной з самых магутных зорак беларускай літаратуры.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Юлія ПРЫШЧЭПА. Фота з архіва сям’і Шыбека.