Американскую клюкву будут выращивать в Витебской области на месте бывших торфоразработок

logo
Суббота, 22.06.2013 08:23 | Рубрика: Социум
04094


Торф — адзін з галоўных карысных выкапняў, на якія багатая Беларусь. Тарфяная прадукцыя паспяхова рэалізуецца на ўнутраным і знешнім рынках. Але пасля прамысловай распрацоўкі тарфяныя палі праз некаторы час становяцца непрыгоднымі для далейшай эксплуатацыі і ўяўляюць сабой вельмі пажаранебяспечныя аб’екты. Таму кожны праект адводу тарфянога поля пад распрацоўку абавязкова прадугледжвае яго канчатковую рэкультывацыю. Гэта значыць, што пасля таго, як участак выпрацаваны, яго нанава забалочваюць або садзяць лес ці перазалужаюць. РВУ «Докшыцырайгаз» адважылася на эксперымент, і на ўчастку «Рамжына» зараз адбываецца фітарэкультывацыя. За гэтым складаным словам стаіць простая справа — на тарфяным полі высаджваюць дурніцы і журавіны, вядомыя, любімыя беларусамі ягады.

— Стварэнне падобных плантацый — гэта адна з мер, накіраваных на аднаўленне экалагічнай разнастайнасці, папярэджанне зніжэння колькасці асноўных відаў жывёльнага і расліннага свету. У прыватнасці, аднаўленне разнастайнасці відаў балотных раслін, — гаворыць намеснік начальніка аддзела абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Васіль Кірпічонак. — У нашай краіне гэтай справе надаецца вялікая ўвага. Аб чым сведчаць дзяржаўныя праграмы, накіраваныя на ахову навакольнага асяроддзя, захаванне экаразнастайнасці, распрацаваныя да 2020 года.

Эксперымент праводзіцца пад эгідай Міністэрства прыродных рэсурсаў, ім жа і фінансуецца. Мы ўдзячны дырэктару РВУ «Докшыцырайгаз» Віталію Неспляку за разуменне, за тое, што ён згадзіўся на правядзенне эксперыментальных работ.
ВУ «Віцебскаблгаз», у структуры якога знаходзіцца зараз тарфяная вытворчасць вобласці, з’яўляецца адным з самых буйных землекарыстальнікаў, які эксплуатуе 1800 гектараў тарфяных палёў.

— Мы забіраем у прыроды шмат, — зазначае намеснік генеральнага дырэктара ўпраўлення Анатоль Пачэпка, — хацелася б і аддаць ёй столькі ж, каб не сорамна было перад нашчадкамі. Звычайна, пасля таго, як тарфяное поле выпрацоўвалася, праводзілі рэкультывацыю ў выглядзе паўторнага забалочвання, лесапасадкі ці перазалужэння. Летась Міністэрства прыродных рэсурсаў прапанавала новы від рэкультывацыі, які не толькі прынясе карысць у аднаўленні экалагічнага балансу, але і дасць таварную прадукцыю. Магчыма будзем яшчэ мець і грашовы прыбытак ад рэалізацыі ягад. Таму што ў дадзеным выпадку зямля застаецца ў нас, у той час як пры вышэйназваных шляхах рэкультывацыі яна перадавалася лясгасу ці сельскай гаспадарцы.

Былы ўчастак «Рамжына» — гэта 30 гектараў вы-працаванага тарфяніку, які па сваім хімічным аналізе падыходзіць менавіта пад пасадку балотных ягад. Тарфараспрацоўшчыкі падрыхтавалі картавае поле, якое зараз ператварылася ў доследна-вытворчы
ўчастак, у цяпліцы райгаза вырасцілі расаду, дапамагаюць у яе пасадцы. Непасрэдна правядзеннем эксперымента займаюцца супрацоўнікі Цэнтральнага батанічнага саду АН Беларусі пад кіраўніцтвам загадчыка лабараторыі Аляксандра Якаўлева.

Насенне дурніц і журавін — гэта высокаўраджайныя паўночна-амерыканскія сарты, прадукцыйнасць якіх у 5—10 разоў вышэйшая за айчынныя ягады.



З участка «Рамжына» плануецца атрымаць не менш  чым 5 тон прадукцыі. Аддача дурніц будзе ўжо на другі год пасля пасадкі, журавін прыйдзецца пачакаць тры гады. Па біяхімічным саставе амерыканскія ягады ідэнтычныя беларускім, а на выгляд і смак журавіны з-за акіяна буйнейшыя, але сушэйшыя. Тэхналогія пасадкі патрабуе ручной працы. Яна двух відаў. Пры адной расада высаджваецца непасрэдна ў глебу, пры другой — раскідваецца, а потым  «прыціскаецца» прэс-барабанам. Эколагі хвалююцца, што амерыканскія сяброўкі могуць выцесніць мясцовыя ягады.

— Ні ў якім разе, — запэўніў Аляксандр Паўлавіч. — У звычайным балоце яны па-за канкурэнцыяй. Гэта, калі іх так можна назваць, культурныя сарты, прызначаныя для прамысловай вытворчасці на выпрацаваных тарфяных радовішчах. Мы спадзяёмся, што наш эксперымент атрымаецца, і вельмі ўдзячны за тое разуменне, якое атрымліваем ад  кіраўніцтва райгаза, дырэктара Крулеўшчынскай школы Галіны Белай. Вучні 7-га класа вельмі  дапамаглі ў пасадцы журавін.

Для РВУ «Докшыцырайгаз»  вырошчванне каштоўных ягад — гэта новы від дзейнасці, які ў будучым, магчыма, прынясе не толькі занятасць калектыву, але і прыбытак, калі адшукаць дастойныя рынкі збыту, заняцца гэтай  справай усур’ёз. Хаця па-іншаму ва ўпраўленні працаваць і не ўмеюць.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Обновить Защита от автоматических сообщений