Издана книга Сергея Рублевского о молчаливых протестах 1937 года

logo
Воскресенье, 02.10.2011 17:13 | Рубрика: Социум
06265


У мінулы чацвер у абласной бібліятэцы адбылася прэзентацыя новай кнігі літаратара Сяргея Рублеўскага «Маўчанне на ўвесь Божы свет». Пятая кніга пісьменніка, на гэты раз дакументальная, у якой аўтар у поўнай меры раскрываецца як даследчык гістарычных падзей, знаўца псіхалогіі паводзін сваіх землякоў — жыхароў Пышнянскага і Стайскага сельсаветаў Лепельскага раёна. Падчас перапісу насельніцтва СССР у 1937 годзе яны своеасабліва адрэагавалі на гэтую важную грамадска-палітычную падзею... маўчаннем. Проста адмовіліся адказваць на анкету перапісу.
Аўтар імкнецца зразумець, чаму на такі, па тым часе незвычайны, пратэстны крок пайшлі ягоныя землякі. Кожны факт Сяргей Рублеўскі падмацоўвае архіўнымі дакументамі. Яму ўдалося тонка выпісаць характар завадатара маўчальнікаў Іллі Жарнасека, нават правесці паралель паміж ім і правадыром усіх народаў Сталіным і абгрунтаваць матывы іх у пэўным сэнсе падобных паводзін... Шмат пакут перажылі згаданыя жыхары (у асноўным раскулачаныя сяляне, аднаасобнікі) з-за несправядлівасці і непамерных дзяржаўных пабораў. «Але якое ж гэта «кулацтва» на 6 гектарах з адным конікам і дзвюма кароўкамі (па іншых звестках, з адной), калі на сямейнай лаве плойма едакоў? Гэтай зямелькі толькі і хопіць, каб пракарміць сям'ю», — піша аўтар.
Дарэчы, калі ў Сяргея Рублеўскага пытаешся, адкуль такая сакавітая мова, якой напісаны нарыс, ды і папярэднія ягоныя творы, ён кажа: «Трэба ўважліва слухаць сваю матулю».
Алена БАШУН.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Обновить Защита от автоматических сообщений