Жыхары Віцебскага раёна адмовіліся ад горада на карысць вёскі Гара. Цяпер яны вядуць здаровы лад жыцця

logo
Вторник, 27.09.2022 11:51 | Рубрика: Общество
01745

17 год таму Ала i Уладзiслаў Мiшурныя адмовiлiся ад горада на карысць вёскi Гара, што на ўскрайку Вiцебскага раёна. Вырашылi жыць у суладдзi з прыродай i ўладкоўваць свой радавы маёнтак згодна з традыцыямi продкаў. У пары знайшлiся аднадумцы, якiя таксама ўзялiся будаваць дамы ў маляўнiчым кутку. Так утварыўся пасёлак радавых маёнткаў Звон-Гара, вядомы на ўсю краiну i за яе межамi.


Жыхары селiшча вядуць здаровы лад жыцця, не ўжываюць алкаголь i мяса, ва ўсiм дапамагаюць адзін аднаму. Яны шмат працуюць, але выключна ў ахвоту, стараюцца атрымлiваць асалоду ад кожнага iмгнення жыцця. Вырошчваюць меданосы, травы, зерневыя, садавiну i гароднiну. Пры гэтым не выкарыстоўваюць анiякiх хiмiчных угнаенняў. Сваю прадукцыю яны называюць «жывой», «сапраўднай». Самi ядуць з задавальненнем i людзям прапануюць. I ахвотнiкаў шмат. Сёння можна гаварыць пра брэнд экапрадуктаў радавых маёнткаў «Звон-Гара». Гэта мёд, яблычны воцат, алей, скрыпень (па-руску «иван-чай»), урбеч i многае iншае.

— У нас незвычайная пасека. Мёд здабываем, як i некалi нашы продкi, з дапамогай калод. А ўлiчваючы тое, што палi вакол пасялення скрозь чыстыя, не апрацаваныя нiякай хiмiяй, то i прадукт атрымлiваецца сапраўды лекавым, — расказвае Ала Мiшурная. — Мы першыя ў Беларусi атрымалi сертыфiкат на нарыхтоўку гарбаты са скрыпенем з рознымi травамi: душыцай, мелiсай, чаборам, мятай. Беларусам надзвычай карысна ўжываць тое, што расце ў iх мясцовасцi, што дорыць прырода.


Воцат тут гатуюць з уласных яблыкаў па традыцыйным рэцэпце — без цукру, спiрту, вады i кансервантаў. Сакрэт чароўнага прадукту, прыдатнага i для ежы, i для барацьбы з вiрусамi, у натуральным браджэннi соку спелых яблыкаў.

Таксама «горцы» з дапамогай драўлянага прэса цiснуць масла з чорнага кунжуту, кедра i сланечнiку. Спачатку рабiлi толькi для сябе, але знайшлося шмат жадаючых i на гэты карысны натуральны прадукт. Тое ж i з урбечам — пастай, што атрымлiваецца з перамолатых на каменных жорнах арэхаў. 

Ала запэўнiла, што ўсё больш i больш людзей пачынаюць свядома ставiцца да свайго харчавання i выбiраюць натуральныя прадукты.

Што датычыцца жыхароў селiшча, то ў краму яны iдуць толькi за трысняговым цукрам ды крупамi. Усё астатняе — сваё, натуральнае, экалагiчна чыстае. Яны пякуць хлеб i здобу, вырабляюць сметанковае масла, сыры, марозiва. Кожная сям’я гатуе свае квас, гарбату, соўсы, розныя прысмакi па старажытных рэцэптах.

— Мы iмкнемся жыць так, як жылi нашы продкi. I перадаваць гэтыя веды сваiм дзецям, — кажа Ала Мiшурная. — У гармонii з прыродай яны растуць здаровыя i шчаслiвыя. У iх шмат цiкавых заняткаў, якiя нi ў якое параўнанне не iдуць з рознымі гаджэтамi.

У Мiшурных чацвёра дзетак. Пераехалi да iх i бацькi Уладзiслава. Цяпер гэта сапраўдны радавы маёнтак, пад дахам якога сабралiся тры пакаленнi роду. Гэта дае сiлы рэалiзоўваць самыя смелыя праекты.

Жыхары селiшча адраджаюць старажытныя рамёствы, традыцыi продкаў, народныя святы i абрады. На Масленiцу, Купалле, Ярылу ў Звон-Гару едуць з усёй рэспублiкi i замежжа, каб стаць удзельнiкамi сапраўдных беларускiх абрадаў.

Таксама для гасцей наладжваюць майстар-класы па выпечцы хлеба, вучаць народным танцам i нават касьбе. Вядома, усiх частуюць стравамі нацыянальнай кухні — дранiкамi, халаднiком, бульбай з кропам, квасам i многiмi iншымi карыснымi, а галоўнае, спрадвечна беларускiмi.

Апроч усяго, жыхароў пасялення аб’ядноўваюць шматлiкiя сацыяльныя праекты. Разам яны аднаўляюць крынiцы, саджаюць дрэвы, добраўпарадкоўваюць тэрыторыi — робяць усё магчымае, каб свет стаў лепшым. Яны пачалi з сябе i распаўсюджваюць любоў i гармонiю вакол. 

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНIЧЭНКА. Фота з архiва сям’i МIШУРНЫХ.