Як сям'я з Шумилина пераадолела хваробу COVID-19

logo
Суббота, 23.05.2020 21:16 | Рубрика: Здоровье
02400

Калі ў свеце загаварылі пра каронавірус, калі ён дабраўся да нашай краіны і нават да рэгіёнаў, многія з нас працягвалі адмаўляць магчымасць заражэння. Маўляў, мяне гэта абыдзе. Дык вось, Уладзімір Юпатаў з Шуміліна не з такіх. Прызнаўся, што заўжды цвяроза ацэньваў сітуацыю і разумеў, што здарыцца можа ўсякае. І здарылася…

26 сакавіка мужчына адчуў стом­ленасць, слабасць у целе і ламоту. У яго зніклі смакавыя адчуванні, вышэй за 39 градусаў узнялася тэмпература — загарэўся твар. Здавалася, што ў роце быццам абпалена. У той жа дзень дрэнна сябе адчула і жонка Ала. Назаўтра раніцай Юпатавы адправіліся да тэрапеўта ў паліклініку. Ім далі бальнічныя, прызначылі лячэнне. Потым жанчыне стала горш, і яе на «хуткай» адвезлі ў інфекцыйную бальніцу ў Гарадок. Калі аналіз на каронавірус паказаў станоўчы вынік, туды ж накіравалі Уладзіміра, а потым і двух дзяцей, у якіх таксама ўзнялася тэмпература.

Дзён шэсць сям'я лячылася ў Гарадку, затым Уладзіміра з дзецьмі перавезлі ў Шуміліна (бальніцу перапрафіліравалі пад работу з каронавіруснымі хворымі), дзе працягвалі лячэнне, Алу накіравалі ў абласную інфекцыйную бальніцу. Яе стан хутка пагаршаўся — развілася двухбаковая пнеўманія.

— Мы з дзецьмі перанеслі хваробу ў лёгкай форме, а вось за жонку і маму вельмі перажывалі, асабліва калі яна трапіла ў рэанімацыю, — прызнаўся мужчына.

Калі Ала пайшла на папраўку, яе перавялі ў Рэспубліканскі цэнтр медыцынскай рэабілітацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў, дзе яна праходзіла рэабілітацыю.

Зараз сям'я Юпатавых дома. Кантрольныя аналізы на каронавірус паказалі адмоўны вынік. Адчуваюць сябе здаровымі. Вялікую ўдзячнасць выказваюць медыкам Шумілінскай, Гарадоцкай і абласной інфекцыйнай бальніц. Адзначаюць іх прафесіяналізм, зладжаную работу, самаадданасць.

Ала Юпатава працуе медсястрой на станцыі хуткай медыцын­скай дапамогі і вельмі ўдзячная за падтрымку ў такой няпростай сітуацыі начальніку медчасткі Аксане Грыгаровіч і старшыні прафсаюзнай арганізацыі Але Лотыш.

—Каму зараз сапраўды няпрос­та, дык гэта дактарам, — упэўнены Уладзімір. — Яны літаральна жывуць на рабоце, дома не бываюць, змагаюцца на перадавой.

Загадчыку інфекцыйнага аддзялення Гарадоцкай ЦРБ Таццяне Куцкінай, галоўнаму педыятру Лідзіі Суханавай, намесніку галоўнага ўрача Святлане Лінкевіч (Шумілінская ЦРБ), загадчыку аддзялення абласной інфекцыйнай бальніцы Вользе Рагавенка — гэтым і іншым медыцынскім работ­нікам, што змагаліся за іх жыццё і здароўе, сям'я Юпатавых выказвае шчырыя словы ўдзячнасці. А таксама родным, сябрам, калегам, якія ўвесь гэты час маральна падтрымлівалі.

Уладзімір Юпатаў гатовы здаць кроў на плазму. А яшчэ ён раіць усім не расслабляцца — захоўваць нескладаныя правілы гігіены і сацыяльнага дыстанцыявання. Сам, калі ідзе ў краму, надзявае маску, абавязкова апрацоўвае рукі антысептыкам. Берагчы сябе трэба!

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА. Фото аўтара.