Дзмітрый Кальцоў 18-гадовым юнаком пайшоў на вайну і дадому ўжо не вярнуўся

logo
Вторник, 04.02.2020 11:29 | Рубрика: Беларусь помнит
01637

У 1944 годзе яго бацькі, якія жылі ў вёсцы Рачныя Котцы Калінінскай вобласці, атрымалі пахаванку, дзе значылася «прапаў без вестак».

Бацькоў вызваліцеля даўно няма ў жывых, іх дачка Галіна Канстанцінаўна жыве ў Наўгародскай вобласці. Некалькі гадоў таму яна загарэлася ідэяй знайсці магілу свайго брата Дзмітрыя. Да гэтай справы далучылася яе пляменніца Галіна Крылова, якая таксама жыве на Наўгародчыне.

Пазней Галіна Крылова ў банку дадзеных «Мемарыял» знайшла звесткі, што яе родны дзядзька Дзмітрый Канстанцінавіч Кальцоў загінуў 24 чэрвеня 1944 года і пахаваны ў мястэчку Шуміліна Віцебскай вобласці. Галіна звязалася з мясцовым гісторыка-краязнаўчым музеем.

— Некалькі месяцаў мы вялі перапіску, — расказала дырэктар шумілінскага музея Святлана Іванова. — Высветлілася, што, згодна з архіўнымі да­дзенымі, Дзмітрый Кальцоў пахаваны на брацкіх могілках у Шуміліне.

На яго магілу прыехалі сваякі з розных гарадоў Расіі. Госці былі прыемна ўражаны, што да іх прыезду ў Шуміліне падрыхтаваліся: на мемарыяльную пліту на брацкіх могілках прымацавалі ламініраваную таблічку з прозвішчам Дзмітрыя Кальцова і яго фотаздымкам.

— Дзякуй шумілінцам за памяць, за догляд за магілай майго брата, — сказала Галіна Канстанцінаўна. — Мы вырашылі, што абавязкова на наступны год прыедзем сюды разам з маладым пакаленнем — дзецьмі, пляменнікамі, унукамі.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Ларыса ЗАЙЦАВА, Шуміліна.