Беларусь. Без варыянтаў. Чаму нашы суседзі працягваюць называць нашую краіну «Белоруссией»

logo
Четверг, 30.04.2020 11:09 | Рубрика: Мысли вслух
04446

Заклапочваць сябе пытаннем, чаму нашы суседзі ніяк не запомняць (ці не хочуць запамінаць), што імя нашай краіны складаецца з васьмі літар, няма жадання. Пакінем гэта для «разборак» на іншым узроўні. Крыўдна, вядома, як-ніяк брацкія народы, а яны ўсё да нас са сваёй «Белоруссией».

Беларусь. Без вариантов. Фото people.onliner.by

Мы беларусы і жывем у Беларусі. Гэта так жа відавочна і неаспрэчна, як поры года, як двойчы два, як запіс у нашым пашпарце. Краіны Беларусіі (Белоруссия) не існуе ў прыродзе, на якой мове ні пішы ці ні кажы. Ва ўсялякім разе, зараз. Усё, што было раней, ужо гісторыя.

І даволі цяжка зразумець пазіцыю, у тым ліку і землякоў, якія даводзяць думку, што ў напісанні назвы нашай краіны ўсё ж ёсць варыянты (даво­дзілася чуць такія разважанні не раз). Маўляў, можна і так, і так. Кажуць, калі па-беларуску, то «Беларусь», а калі ж па-руску, то «Белоруссия». А іншыя і наогул не задумваюцца. Асабліва выразна гэта зразумела па каментарыях у сацыяльных сетках. Ну як можна памыляцца з назвай краіны, у якой жывеш? Хіба такое ў прынцыпе магчыма?

Хочацца верыць, што гэта вынік простага няведання, а не прынцыповая пазіцыя. Але і ад гэтага сумна. Нам часта падстаўляе падножку наша двухмоўе. Мы блытаемся, блытаем дзяцей. Але ёсць рэчы, якія маюць не столькі філалагічны, колькі ідэа­лагічны падтэкст.

Вось і сёлета ў Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі на некаторых віцебскіх сайтах з'явіліся інфармацыйныя матэрыялы, дзе зноў жа фігуруе «Белоруссия». Як казаў адзін вядомы расійскі палітычны дзеяч: «Ніколі такога не было, і вось зноў». Жартую, але на самой справе гэта зусім не смешна.

Афіцыйная назва нашай краіны была замацавана яшчэ ў Законе Рэспублікі Беларусь ад 19.09.1991 года № 1085-XII, затым у Канстытуцыі і нарэшце у 2000 годзе — ва Указе Прэзідэнта «Аб выкарыстанні назвы Рэспублікі Беларусь юрыдычнымі асобамі». Усе гэтыя дакументы афіцыйна рэгламентуюць поўную і скарочаную назвы на рускай і беларускай мовах — Рэспубліка Беларусь (Республика Беларусь) і Беларусь (Беларусь) адпаведна. Якія яшчэ дакументы і правілы напісання нам патрэбны? Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі стаіць на гэтай жа пазіцыі. Адсюль жа вынікае, што скарачаць назву краіны да «РБ» таксама недапушчальна.

Тут можна ставіць слушнае пытанне пра тое, што, замацаваўшы назву краіны, трэба было замацаваць і вытворныя ад гэтай назвы. Калі па-руску трэба пісаць «Беларусь» (гэта слова мае адзін корань), то і адпаведна — «беларуский» і «беларус», замест «белорусский» і «белорус». Вядомы беларускі мовазнаўца Адам Мальдзіс лічыць, што з часам мы да гэтага прыйдзем.

Можна шмат гаварыць пра важнасць патрыятычнага выхавання, весці нейкую работу ў гэтым накірунку, ставіць сабе прывычныя галачкі, але пры гэтым усур'ёз забываць пра нацыянальную годнасць, унікальнасць свайго народа і сябе як яго часткі. Хочацца, каб у нашых дзяцей быў шанц вырасці дасведчанымі, глыбока патрыятычнымі людзьмі. Гэта важна не толькі для іх уласнай самасвядомасці, але і для развіцця краіны, для яе аўтарытэту і сілы. Пачынаць ніколі не позна, можна зараз, запомніўшы, што жывём мы не ў нейкай там міфічнай Беларусіі, а ў Беларусі.

Хаця калі я дзеля эксперыменту пацікавілася ў свайго дванаццацігадовага сына і яго сяброў, як называецца краіна, у якой мы жывём, то дзеці беспамылкова назвалі: «Беларусь». Без аніякіх варыянтаў. Нават здзівіліся такому майму пытанню. Прапанавалі, калі што, і гімн выканаць – ведаюць. Так што выходзіць, што праблемы з «Белоруссией» ёсць выключна ў старэйшага пакалення, прадстаўнікі якога за амаль 30 год яшчэ не паспелі запомніць назву краіны, у якой жывуць, працуюць, гадуюць дзяцей. Дарэчы, ніякіх сумненняў у тым, што радзіму сваю яны любяць, ганарацца яе слаўнай гісторыяй, няма. Але ж і правільная назва – зусім не дробязі.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА