Сёння споўнілася 105 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Івана Мележа

logo
Воскресенье, 08.02.2026 16:07 | Рубрика: Культура
01521
Іван Паўлавіч Мележ – беларускі пісьменнік, драматург, публіцыст. Аўтар трылогіі «Палеская хроніка» – шырокавядомага цыкла раманаў. Ён выразна прадэманстраваў мастацкія магчымасці рэалізму, адкрыў свету экзатычнае беларускае Палессе і ўславіў яго. 


Іван Паўлавіч Мележ нарадзіўся 8 лютага 1921 года ў вёсцы Глінішча Хойніцкага раёна на Гомельшчыне. Сярэднюю школу закончыў у Хойніках з атэстатам выдатніка. 

У 1938 годзе юнак паступаў у Інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры ў Маскве, але не прайшоў па конкурсе. Вярнуўся на радзіму, працаваў у Хойніцкім райкаме камсамола. Восенню 1939 года быў залічаны студэнтам таго ж інстытута, у які першы раз не паступіў. У 1940 годзе яго прызвалі ў войска. Вялікую Айчынную вайну сустрэў у Карпатах. Адступаючы, удзельнічаў у кровапралітных баях. Пад Растовам Іван Мележ атрымаў другое раненне. Асколкам бомбы яму раздрабіла правае плячо, і ўсю руку хацелі ампутаваць. Але знайшоўся хірург, які выратаваў яе. 

Пачаў пісаць Мележ яшчэ школьнікам. Першы яго верш «Радзіме» быў надрукаваны ў 1939 годзе ў камсамольскай газеце «Чырвоная змена». На вайне ён рабіў дзённікавыя запісы, якія ў апрацаваным выглядзе падрыхтаваў да друку, назваўшы «Першая кніга». Яна была апублікавана пасля смерці празаіка ў 1978 годзе. У гэтай кнізе усё падзеі грунтуюцца на дакументах і фактах.

Вучыўся і працаваў у Беларускім дзяржаўным універсітэце, у рэдакцыі часопіса «Полымя», у апараце ЦК КПБ. 

Беларускі пісьменнік прызнаваўся, што ніколі яго не мучыла думка, што пісаць (цікавых задум, жыццёвага матэрыялу хапала), затое «мучыла заўсёды — як пісаць». Мележ з цеплынёю называў беларускую мову ласкавай, мілагучнай, як песня. «Я чую тое, што пішу, як музыку, з мелодыяй, з рытмам. Бывае, чытаю ўслых напісанае. Востра сачу, каб у мелодыі твора не было фальшу. Ледзь пачую фальш, спыняюся, шукаю дакладныя тоны і словы. Імкнуся знайсці самыя дакладныя». 
Іван Мележ – Лаўрэат Ленінскай прэміі (за раман «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы»), Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа (за зборнік «Жыццёвыя клопаты»), Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (за раман «Людзі на балоце»). За вялікія дасягненні ў развіцці беларускай савецкай літаратуры ў 1972 годзе яму прысвоена ганаровае званне народнага пісьменніка БССР.

Цікавыя факты пра Івана Мележа:
  • Пісаў рыфмаваныя радкі. Школьнікам Мележ выпісваў у асобны сшытак творы рускіх і беларускіх класікаў: Пушкіна, Някрасава, Янкі Купалы. Сельскі настаўнік пераканаў хлопца не кідаць паэтычную працу і пасылаць вершы ў розныя рэдакцыі.
  • Першы твор напісаў левай рукой. Першае ў сваім жыцці апавяданне Іван Паўлавіч быў вымушаны пісаць левай рукой, таму што знаходзіўся ў гэты час у шпіталі. Апавяданне мае назву «Сустрэча» і публікавалася з паметкай «Каўказ, шпіталь, 1942 год».
  • Шыў сабе абутак і змайстраваў ровар. Фраза «Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім» лічыцца штампам. Але да Івана Мележа яна падыходзіць ідэальна. У дзяцінстве Іван Паўлавіч хадзіў у школу ў пасталах (сялянскі самаробны абутак са скуры і ануч), якія сам зрабіў з лазы. Сапраўдную славу сярод аднагодак Мележу прынесла стварэнне драўлянага ровара. Колы былі зроблены з двух арэхавых абручоў, але са спіцамі і рамай.
  • Іван Мележ любіў падарожжы, цікавіўся жывапісам і добра ў ім разбіраўся, выдатна ведаў сусветную гістрыю мастацтваў. 
  • Раман «Людзі на балоце» мог мець іншую назву і ледзь не згарэў. 
Калі пісьменнік прынёс рукапіс у часопіс «Полымя», дык на асобным лісце мелася аж 15 варыянтаў загалоўка. Найбольш Мележа прываблівалі назвы: «Людзі на балоце» і «Туманы над багнай». Пытанне з назвай было вырашаным пасля размовы з супрацоўнікам рэдакцыі. Аднойчы ў пісьменніцкім доме здарыўся пажар. Дачка Мележа забылася адключыць прас ад разеткі, дома нікога не было. 

Тым часам Іван Мележ, які нічога не ведаў пра пажар, у добрым настроі вяртаўся дадому. На двары яму паведамілі, што пажар быў у яго кватэры. Мележ спачатку збялеў, а праз некаторы час ужо свяціўся ад шчасця. Што ж здарылася? У кабінеце на пісьмовым стале ляжаў скончаны раман «Людзі на балоце». Калі б пажар дайшоў да гэтага пакоя, рукапіс не ацалеў бы. І працу давялося б пачынаць спачатку.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Падрыхтавала Юлія ПРЫШЧЭПА.