Беларускія круцені ды сібірскія кундзюмы. Як карэспандэнт vitbichi.by гастранамічны эксклюзіў у фестывальным Віцебску шукала

logo
Пятница, 15.07.2022 14:11 | Рубрика: Славянский Базар в Витебске
0809

«Славянскі базар» гарантуе кожнаму свайму госцю безліч уражанняў, і гастранамічнае займае не самае апошняе месца. Гэта вам скажа кожны, хто любіць прагуляцца па фестывальных вуліцах. Галоўнае, не выходзіць з дому на сыты жывот. Карэспандэнта «Віцьбічаў» таксама адправілі ў святочны горад, каб пакаштаваў страў, нацыянальных ды заморскіх.

Заданне няпростае, але і журналісты ў нас не з гліны злеплены: ведаюць, што ў першым жа павільёне шашлыком наядацца не варта, хоць і пахне ён так, што аж у галаве круціцца. Трэба пахадзіць, прыцаніцца, пашукаць эксклюзіў.

Але доўга шукаць, як водзіцца, не прыйшлося. Харчовыя прадпрыемствы з розных куточкаў нашай хлебасольнай краіны прэзентавалі сваю прадукцыю на плошчы Свабоды. Падыходзім найперш да нашых, а яны слойкі пякуць. З яблыкамі, вішняй, чорнай парэчкай, згушчонкай і сырам. Тут і пірагі з розным начыннем, і круасаны, і рамесны хлеб – сапраўдны эксклюзіў. Мы купілі «Бульбашык з лукам».

– Чацвёрты год на «Славянскім базары» наладжваем работу міні-пякарні. Людзі ўжо ведаюць і ідуць на пах. Малыя вельмі любяць нашыя «малышарыкі» – круглыя бісквіцікі ў шакаладзе ды з розным пасыпканнем, – расказала кандытар прадпрыемства «Віцебскхлебпрам» Аксана Каркуцева.

Другі раз у фестывальным Віцебску магілёўская кампанія «Дамачай». Здзіўлялі беларускім круценем, які выпякалі прама на вуліцы. Гэта здобны ласунак, што гатуюць з мукі, малака, яек, цукру ды сметанковага масла. Цеста накручваюць на спецыяльны стрыжань, які размяшчаюць над адкрытым агнём. Завяршаючы штрых – пасыпка цукровай пудрай. Круцень атрымліваецца духмяны і хрумсткі. Каштуе 2 рублі. Назіраць за працэсам – асобнае задавальненне. Таксама кампанія наладзіла выставу «Хлеб вайны».

– Сёння, калі на нашым стале самыя розныя гатункі хлеба, вельмі важна памятаць, што так было не заўжды, цаніць мір і дабрабыт,– кажа галоўны тэхнолаг кампаніі «Дамачай» Святлана Рыбкова. – Не кожны малады чалавек уяўляе, што ў вайну людзі былі рады хлебу з лебядой ці вотруб’ем. Наша выстава акунае ў тыя часы і вымушае задумацца пра сапраўдныя жыцёвыя каштоўнасці.

Шмат рознага печыва прывезлі з горада Ганцавічы Брэсцкай вобласці. Але асаблівы гонар гасцей з поўдня – мясная прадукцыя ўласнага прыгатавання. Пачаставалі вяленай свінінай ды смажанымі каўбаскамі. А таксама падзяліліся рэцэптам найсмачнейшага мяса на грылі: грудзінку разрэзаць на стэйкі і замарынаваць у сумесі дзіжонскай гарчыцы, соевага соуса і таматнай пасты. Смажыць з любоўю.

Дранікі з мясам лася, а яшчэ з грыбамі, грудзінкай ды цыбуляй фры прапаноўвала мінская «Застоліца». Любяць яны карміць беларусаў нацыянальнымі стравамі ды напоямі. Заўжды бяспройгрышна – смачна і сытна.

Бліноў з бульбы, наогул, было шмат. Кампанія з гаворачай назвай «Белдранік» смажыла іх прама на вачах у гасцей на вялізнай патэльні – гэта ўжо на набярэжнай. Прасілі па 7 рублёў за порцыю. Частавалі таксама пловам, каўбаскамі, халодным квасам. Заморскіх лангусцінаў, кальмараў ды камбалу апроч іншага прапаноўвалі спрытныя хлопцы з мінскай кампаніі «К-2 ПЛЮС».

Ля Заходняй Дзвіны размясціліся шматлікія ўтульныя летнія кафэ. Фантаны, жывая музыка, смачная ежа. Фестывальнымі адвячоркамі вольнае месца тут было не так і проста знайсці. А іх там – сотні.

Вы дакладна не зможаце прайсці і міма фуд-корта на вуліцы Талстога. Вока абавязкова зачэпіцца за незнаёмыя назвы. Мы вось толькі цяпер даведаліся, што чуду – гэта нацыянальная дагестанская страва, якая гатуецца з тонкага прэснага цеста з розным начыннем на сухой патэльні. Калі зберацеся каштаваць карэйскі пян-сэ, то майце на ўвазе, што гэта смачна, але вельмі востра. Будзе гарэць у роце.

Кундзюмы па рэцэптах XVI стагоддзя прапаноўваюць аўтары праекта «Кукарекум». Хлопцы ведаюць усё пра пельмені і варэнікі. Яны шмат часу правялі ў Сібіры, збіраючы даўнейшыя рэцэпты. Іх вырабы ручной работы не параўнаць з магазіннымі. Тут кожны зашчып – аўтарскі. Праўда, і кошт адпаведны. Дарэчы, праект «Кукарекум» стаў пераможцам тэлешоу вядомага расійскага шэф-повара Канстанціна Іўлева. Раім пакаштаваць іх варэнікі «Баўнці» з какосавым пюрэ.

Галодным застацца ў фестывальным Віцебску немагчыма. Ва ўзмоцненым рэжыме працуюць стацыянарныя кафэ і рэстараны. Некаторыя прапануюць сэт «фестывальны», які каштуе 31 рубель – па рублю за кожны год «Славянскага базару». Але, напрыклад, афіцыянты ў рэстаране «Віцебскі тракцір» заўважылі, што госці ахвотней выбіраюць стравы з агульнага меню, сярод якіх ёсць шмат беларускіх нацыянальных.

Не трэба і казаць пра тое, што многія нашы брэнды выкарысталі святочныя дні, каб зноў сустрэцца са сваімі пакупнікамі. «Ганна», «Мяскавіт», «Сафійка», «Красный пищевик», «Віцьба» і многія іншыя прадпрыемствы харчовай вытворчасці і гандлю прапаноўвалі людзям свае прысмакі. Расказаць пра ўсіх у невялікім артыкуле не атрымаецца. Ідзіце самі і частуйцеся!

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА. Фота аўтара.