Са спектакля «Насарог і Жырафа» распачаў сваю работу ў фестывальным Віцебску «Лялечны квартал»

logo
Среда, 14.07.2021 12:30 | Рубрика: Славянский Базар в Витебске
01207

Са спектакля Беларускага тэатра «Лялька» «Насарог і Жырафа» распачаў сваю работу ў фестывальным Віцебску «Лялечны квартал».

Рэжысёр Міхаіл Клімчук выбраў для пастаноўкі не самы просты для ўвасаблення твор Гюнтэра Хорста, але яму ў выніку ўдалося зрабіць яркае, запамінальнае шоу.

Спектакль пра прафесара, які разумее мову жывёл і з дапамогай жвавых асістэнтаў распавядае займальную гісторыю са сваёй ветэрынарнай практыкі. Пра знакамітага доктара Марабу і яго пацыентаў. Пра тое, што не варта слухаць балбатуноў і зайздрос­нікаў. І пра пяшчотнае сяброўства сарамлівага Насарога і чароўнай Жырафы. А паколькі ўспаміны пераносяць прафесара ў спякотную Афрыку, гледачоў чакаюць гарачыя музычныя рытмы і расквечаны яркімі фарбамі казачны свет.

Таксама на фестывалі віцебскія лялечнікі пакажуць свае новыя спектаклі — «Мой вялікі маленькі дзядуля» і «Лялькі Ціма Талера, або Прададзены смех».

— Сёлета ўпершыню сваю творчасць фестывальнай публіцы прэзентуюць артысты Пскоўскага абласнога тэатра лялек, якiя пакажуць спектакль "Скаклiвы мышонак", — расказаў мастацкі кіраўнік віцебскага тэатра Віктар Клімчук. — Таксама ў Віцебску дэбютуе Арэнбургскі тэатр лялек «П’еро» з камедыяй для дарослых «Паважаныя грамадзяне» па апавяданнях Міхаіла Зошчанкі.

Рады ў культурнай сталіцы чарговай сустрэчы з артыстамі Санкт-­Пецярбургскага тэатра «Бродячая собачка», пензенскай і маскоўскай тэатральных труп.

Дырэктар Беларускага тэатра «Лялька» Аляксандр Грыгор’еў заўважыў, што білеты на мерапрыемствы фестываля «Лялечны квартал» ужо раскуплены.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА. Фота Вячаслава ШАЙНУРАВА.