У 28-мы раз у фестывальным горадзе раскінуў свае прывабныя рознакаляровыя рады кірмаш народных рамёстваў і мастацтваў “Горад майстроў”

logo
Пятница, 12.07.2019 18:13 | Рубрика: Славянский Базар в Витебске
04408

Зазначым, што гэты праект мясціўся на вуліцы Пушкіна, і варта не блытаць яго з выставай-продажам вырабаў рамеснікаў у Задзвінні. Зараз размова пойдзе пра тых, хто не проста стварае прыгожыя рэчы, а замахваецца на аўтэнтыку -- аднаўляе, захоўвае і памнажае традыцыі прашчураў, перадае іх маладому пакаленню, каб сувязь часоў не перарвалася.

У той час як на вуліцы Пушкіна ўжо віравала “кірмашовае” жыццё, прадстаўнікі ўсіх гарадоў ды раёнаў адлучыліся на плошчу Свабоды, каб афіцыйна адкрыць гэты неад’емны праект фестывальнага календара. Прыехалі ў Віцебск з тварэннямі сваіх рук і творчай фантазіі не толькі майстры па ўсіх відах народнай творчасці Дамоў рамёстваў і клубаў майстроў Віцебшчыны, але і з іншых абласцей Беларусі, а таксама госці з Расіі, Украіны, Літвы.

Дарэчы, Горад майстроў як адмысловы творчы праект пачаўся 28 год таму менавіта у Віцебску, а зараз ён крочыць па ўсёй рэспубліцы і праводзіцца ў блізкім замежжы. І гэта з’яўляецца прадметам нашага гонару, зазначыла намеснік старшыні ўпраўлення культуры аблвыканкама Галіна Баркевіч. Таксама Віцебская вобласць стала ініцыятарам правядзення выстаў-конкурсаў народных мастацтваў і рамёстваў. І яны набіраюць моц і пашыраюцца. На гэты раз у рамках Горада майстроў прайшло адразу чатыры конкурсы: па лапікавай тэхніцы “Віцебская мазаіка”, па выцінанцы “Карункавыя мары”, па традыцыйнай свісцёлцы “Салавейка-2019” і па саломапляценні “Папараць-кветка”.

Але ж давайце хутчэй завітаем хаця б да асобных творцаў! Віцебскі раённы Цэнтр народных мастацкіх рамёстваў “Адраджэнне” тут у амаль поўным зборы на чале з дырэктарам Наталляй Даўлетшынай. Яна і прадставіла сваіх майстрых. Людміла Каралькова з Тулава нястомна займаецца саломкай два десяцігоддзі. Майстар-кераміст Алеся Сарбаш аднаўляе свісцёлкі, знойдзеныя ў абласным цэнтры ў час раскопак. Сабралася цэлая калекцыя, ёсць нават экзэмпляр 17 стагоддзя. У Цэнтры створана калекцыя набоечных хустак. Гэта даўнейшая тэхналогія дэкарыравання тканіны заснавана на нанясенні фарбай малюнка (у асноўным кветкавых, раслінных матываў) з дапамогай драўлянага трафарэта, па якім стукалі малаточкам. Адсюль і назва. З апошняй экспедыцыі ў Янавічы прывезлі купальскі вышыты гладдзю ручнік і аднавілі яго ў старой тэхніцы з дапамогай сучасных матэрыялаў. Тым, хто цікавіцца, тут могуць шмат чаго расказаць. І прапануюць купіць сувеніры, што вырабляюць на продаж. Трэба ж і план па платных паслугах выконваць.

Побач у адной палатцы шчыруюць майстрыхі па выцінанцы адразу з трох раёнаў, выразаюць конкурсныя работы для “Карункавых мар”. І таксама варта толькі запытаць, як на цябе пасыплецца цэлы стос цікавых звестак. Кіраўнік народнага клуба “Талака” з Шаркаўшчынскага Цэнтра рамёстваў Святлана Заіка па-новаму глянула на гэтае мастацтва нядаўна, пасля ўдзелу у форуме “Выцінаем разам”. І з таго моманту рэжа з асаблівым задавальненнем. У яе работы больш сюжэтныя. А Таццяна Петух з Паставаў дапаўняе, што ёсць яшчэ выцінанка разеткавая (сняжынкі), рапортная (у выглядзе гармоніка), проста карункавая. Яна для конкурсу загадзя нічога не рыхтавала нават у задумках, усе робіць экспромтам. Святлана Півульская з Ушачаў да гэтага віду народнай творчасці спрычынілася нядаўна, таму кажа, што галоўнае для яе -- не перамога, а ўдзел.

Далей на маршруце Талачын. “Чым багатыя?” -- пытаюся ў дырэктара Дома рамёстваў Святланы Шыцько. І яна з задавальненнем пасвячае ў таямніцы зямлі талачынскай. Аднаўляюць вышываныя народныя касцюмы продкаў, ды без адзінага бачнага вокам вузельчыка. Працуюць з саломай. Калісьці мясцовыя сяляне зараблялі тым, што прадавалі ў Францыю метражом скручаную саламяную стужку для вырабу капелюшоў. Майстар па ткацтву Надзея Калбянкова стварыла калекцыю тканых паясоў, тчэ сувенірныя вымпялочкі, абярэгі на дабрабыт, на доўгую дарогу... Усё гэта ідзе на ўра ў замежжы, дзе жывуць нашы суайчыннікі.

Завіталі мы і на выставу саламяных павукоў, што ладзілася ў межах конкурсу майстроў па саломапляценні “Папараць-кветка”. Здаўна гэтыя творы прыкладнога мастацтва ігралі ролю абярэга ў сялянскім жыцці. Іх формы, пабудаваныя на злучэнні мноства аднолькавых модуляў, уражваюць сваёй гармоніяй. Вывешвалі павукоў у чырвоным куце, строгая гармонія форм і рухаў была заклікана аберагаць дом і яго гаспадароў ад жыццёвых нягод. Месца павукам было таксама над калыскай немаўля і над галовамі маладых на вяселлі. Ахоўваць, прыносіць шчасце і ў той жа час упрыгожваць – адвечнае прызначэнне гэтых магічных канструкцый сёння ўвасабляюць майстрыхі Ларыса Жыльцова з Віцебска, Наталля Сцержанкова з Шуміліна, Валянціна Грыбоўская з Сянно і Таццяна Петух з Паставаў. Іх работамі на выставе захапляліся, іх адзначылі дыпломамі за вялікі ўклад у адраджэнне спадчыны.

На наступны дзень на пляцоўцы ан-лайн творчасці каруначнікаў змянілі майстры традыцыйнай глінянай свісцёлкі. Салавейка, які да гэтага чатыры разы прасвістаў на фестывалі ў Дуброўне, з Дняпроўскіх перабраўся на берагі Дзвіны. Кожны жадаючы мог паспрабаваць сам альбо з дапамогай майстра зрабіць адмысловы музычны інструмент. На плошчы Свабоды, дзе быў дадзены старт выставе-конкурсу, галасы свісцёлак яго ўдзельнікаў зліліся ў шматгалосы салаўіны хор. “Абсвісталі” нават журы на чале са старшынёй Саюза майстроў Беларусі Яўгенам Сахутам, якое хуценька скіравалася працаваць, хоць яшчэ да падвядзення вынікаў было вельмі ўсцешана і колькасцю работ, і іх узроўнем. Кажуць жа, што калі свіснеш грамчэй – справы поўдуць хутчэй.

У звязцы з Горадам майстроў у цэнтры Віцебска працаваў яшчэ адзін праект абласнога навукова-метадычнага цэнтра народнай творчасці “Беларуская гасціннасць”. Раёны вобласці па чарзе прэзентавалі нацыянальную кухню, свае брэндавыя мерапрыемствы, нематэрыяльныя каштоўнасці Віцебшчыны, што ўжо ўнесены ў адпаведны дзяржаўны спіс альбо толькі прэтэндуюць туды трапіць. У кожным куточку Горада майстроў з раніцы да вечара віравала жыццё: наведвальнікаў запрашалі патанчыць, паўдзельнічаць у майстар-класах, паглядзець выступленні самадзейных артыстаў. Гэта тая частка фестывалю, дзе кожны мог стаць і гледачом, і ўдзельнікам нават без уваходнага білета.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Вера МУРАШКІНА. Фота аўтара.