Быў! Ёсць! Будзе! Сёння адзначаецца дзень нараджэння Уладзіміра Караткевіча

logo
Суббота, 26.11.2022 09:33 | Рубрика: Культура
01562
Гэты ўраджэнец Оршы пакінуў яркі след у айчыннай літаратуры. На яго творах выхоўвалася не адно пакаленне беларусаў, у тым ліку аўтар гэтых радкоў, у баць­кі якога Уладзімір Сямёнавіч быў школьным настаўнікам.


Памятаю, як мы з братам, прачытаўшы «Дзікае паляванне караля Стаха» і завучыўшы на памяць 
цэлыя абзацы, якія ўражвалі дзіцячыя душы, абураліся, што не ведалі такога важнага факта з біяграфіі таты. Той жа, разгаварыўшыся, паведаміў: Караткевіч быў самым любімым настаўнікам, пасля ўрокаў якога не трэба было вучыць дамашнія заданні. Усё было так цудоўна выкла­дзена на школьных занятках, што вольны час можна было выкарыстаць для дзіцячых забаў.

Але вернемся ў дзень сённяшні. У гонар дня нараджэння пісьменніка ў Віцебску бібліятэкі падрыхтавалі кніжныя выставы, гутаркі, віктарыны-гульні, літаратурныя гадзіны, паэтычныя гасцёўні, урокі пазакласнага чытання і іншае. Ва ўсіх кніжных крамах горада адбываюцца паэтычныя чытанні «О любоў мая, Беларусь». Літаратурная гадзіна «Караткевіч — паэт і празаік» — таксама неад’емны атрыбут выхаваўчай праграмы. І гэта толькі малая частка мерапрыемстваў.

У абласным цэнтры на Маскоўскім праспекце функцыянуе бібліятэка-філіял № 14 імя Уладзіміра Караткевіча, якая працуе па мэтавай праграме «Нам засталася спадчына». У чытальнай зале ўстановы ёсць мемарыяльная выстава «Зямля пад белымі крыламі», прысвечаная жыццю і творчасці класіка беларускай літаратуры, там жа прадстаўлены творы пісьменнікаў і паэтаў Віцебшчыны — лаўрэатаў прэміі імя знакамітага земляка. Установа кожны год працуе над увекавечаннем памяці творцы.

Варта ўзгадаць, што сёлета аршанскай сярэдняй школе № 3, дзе вучыўся Уладзімір Караткевіч, было нада­дзена яго імя. Дырэктар установы Ірына Пармон адзначае, што імя класіка рэгулярна згадваецца на розных мерапрыемствах, дзеці ганарацца вучобай у такім знакавым месцы. Да дня нараджэння свайго славутага сваяка на адкрыццё памятнай шыльды прыехала пляменніца Уладзіміра Караткевіча.

Кульмінацыяй усёй праграмы стала ўскладанне кветак да помніка Ула­дзіміру Караткевічу ў парку Партызанскай славы імя Міная Шмырова. Было сказана шмат цёплых слоў чалавеку, які адкрыў сучаснікам вялікі пласт беларускай гісторыі.

Загадчык секцыі паэзіі абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Намеснікаў сказаў на мерапрыемстве вельмі прачулыя словы пра класіка, згадаўшы, што гэта апошні рамантык беларускай літаратуры. Ён рамантызаваў нашу гісторыю, якая пры ўсім іншым варта таго. Чаму, напрыклад, нашы суседнія народы могуць сабе дазволіць такую гіпербалізацыю, а мы не?

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алесь БЫНЬКОЎ. Фота аўтара.