Мастацкі кіраўнік Коласаўскага тэатра Міхась Краснабаеў: У тэатры заўсёды служылі ў добрым сэнсе вар’яты

21 лістапада Нацыянальнаму акадэмічнаму драматычнаму тэатру імя Якуба Коласа спаўняецца 95 гадоў.


">
logo
Пятница, 19.11.2021 12:19 | Рубрика: Культура
02344

21 лістапада Нацыянальнаму акадэмічнаму драматычнаму тэатру імя Якуба Коласа спаўняецца 95 гадоў. Знакавую дату коласаўцы адзначаць прэм’ерай, якая напэўна заінтрыгуе прыхільнікаў аднаго з галоўных тэатральных калектываў краіны: у свой юбілейны вечар амаль уся трупа выйдзе на вялікую сцэну з новым спектаклем «Ціль» па п’есе Рыгора Горына ў пастаноўцы мастацкага кіраўніка Коласаўскага тэатра Міхася Краснабаева. Напярэдадні святочнага вечара Міхась Дзмітрыевіч адказаў на пытанні vitbichi.by.

  • Такім чынам, у юбілейны вечар сустракаемся з «Цілем». Чаму менавіта гэту п’есу выбралі для таго, каб адзначыць важную дату?

— Мы вырашылі, што лепш узяць вялікі спектакль, дзе будзе занята ўся трупа. Каб усе выйшлі на сцэну.

П’еса напісана ў 1974 годзе. Мне яна падалася цікавай, тым больш Горын — цудоўны драматург. Пераклад зрабіў кіраўнік літаратурнай часткі Алесь Замкоўскі. Наш мастак Наталля Лавіцкая-Ярмолава займалася афармленнем, а касцюмамі — галоўны мастак Святлана Макаранка. Музыку напісаў Руслан Стаброўскі, галоўны гукарэжысёр Центра культуры «Вiцебск». Пластыкай займалася Дзіяна Юрчанка. Ціля іграе Яўген Бераснеў. Жэня вырас у добрага артыста, спадзяюся, што гэта будзе для яго нейкая этапная роля. Яна акумулюе ў сабе вельмі шмат чалавечых, акцёрскіх, прафесійных рысаў.

  • Не магу не спытаць пра тое, што тычыцца пандэміі. Як выжываеце ў такі няпросты час?

— Безумоўна, планы пасыпаліся. З-за пандэміі не змаглі паехаць на фестываль у Ліпецк, паказаць два спектаклі ў рамках Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Адменены гастролі ў Гомелі, перанесены на больш позні тэрмін фестываль беларускай драматургіі ў Бабруйску. Самае галоўнае — пандэмія «падрэзала» нам гледача.

Артыстам патрэбен глядач. І ў матэрыяльным, і ў маральным плане. Цяжка працаваць на паўпустыя залы. Водгук не той.

Натуральна, кожны спектакль ствараецца разам з гледачом, вось у чым справа. Але мы верым у лепшае, працуем і жывём. Творчы працэс не спыняецца ні на дзень. І задумкі ў нас годныя. Сакрэты адкрываць не буду, пакуль новыя пастаноўкі знаходзяцца на зацвярджэнні ў Міністэрстве культуры, але ўпэўнены, што будзем па-ранейшаму радаваць гледачоў цікавымі спектаклямі.

  • У залатыя дзесяцігоддзі Коласаўскага тэатра сюды прыходзілі маладыя акцёры, якія атрымалі класічную адукацыю ў лепшых майстроў. І самі станавіліся прызнанымі майстрамі. Але і зараз мы бачым на коласаўскай сцэне перспектыўную моладзь. Дзе знаходзіце таленавітых людзей?

— Мы глядзім у будучыню з пэўнай доляй аптымізму дзякуючы нашаму каледжу культуры і мастацтваў. Тыя, хто скончыў дзённае аддзяленне Беларускай акадэміі мастацтваў, у правінцыяльны горад не дужа ідуць. Прычына — кватэрнае пытанне і заробак. Таму прынятых у трупу выпускнікоў каледжа адпраўляем вучыцца завочна. Для нас гэта зноў жа праблема. Яны занятыя ў рэпертуары, але два разы ў год павінны з’язджаць на сесію. Я выкладаю ў каледжы на чацвёртым курсе. Знаёмлюся з патэнцыяльнымі коласаўцамі. Адных здольнасцяў бывае мала. Характар патрэбны і жаданне служыць. У тэатры заўсёды служылі ў добрым сэнсе вар’яты. Тут працаваць трэба ўвесь час. Складанейшая прафесія.

  • На сайце Коласаўскага тэатра на вашай старонцы эпіграф: «Мастацтва павінна даваць надзею і адчуванне радасці быцця». Але час мяняецца. Ці па-ранейшаму коласаўцы нясуць людзям надзеі і радасць быцця?

— Ва ўсякім выпадку мы стараемся гэта рабіць. Такая задача нязменная для тэатра і мастацтва наогул. Безумоўна, трэба знаходзіць новыя формы падачы матэрыялу, але якія б стагоддзі, дзесяцігоддзі, чалавечыя супольнасці не маляваліся на сцэне, трэба казаць пра тое, што хвалюе гледача. Яшчэ ў юнацтве для сябе адкрыццё зрабіў, калі вывучаў драматургію старажытных аўтараў: дабро заўсёды ёсць дабро, каханне ёсць каханне, а высокароднасць чалавечага духа ці подласць ва ўсе часы такімі і застаюцца. І тэатр па-ранейшаму спрабуе ў гэтым разабрацца. Непаўторнасць імгнення — вось сапраўдны цуд у глядзельнай зале. І гэтыя жывыя людзі, акцёры, за якімі стаіць цэлая пастановачная каманда на чале з рэжысёрам, звяртаюцца ў першаю чаргу да душы чалавека. А патрэба ў гэтым будзе заўсёды.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Гутарыў Віталій СЯНЬКОЎ.