У Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрыецца выстава, прымеркаваная да 170-годдзя з дня нараджэння гісторыка Аляксея Сапунова

logo
Вторник, 09.03.2021 16:50 | Рубрика: Культура
02246

У Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі 11 сакавіка адкрыецца выстава «Руплівец беларускай даўніны», якая прымеркавана да 170-годдзя з дня нараджэння гісторыка, археографа, краязнаўцы ўраджэнца Віцебшчыны Аляксея Сапунова і 100-годдзя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Аляксей Сапуноў добра вядомы як адзін з самых апантаных і руплівых даследчыкаў роднага краю. Ён аўтар амаль 60 кніг і брашур, шматлікіх артыкулаў, энцыклапедычных даведак. Грунтоўная праца Аляксея Сапунова «Віцебская даўніна» дагэтуль застаецца запатрабаванай крыніцай па гісторыі Паўночнай Беларусі.

Дзейнасць выдатнага даследчыка непарыўна звязана з Віцебскам. А.П. Сапуноў – адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў царкоўна-археалагічнага музея, вучонай архіўнай камісіі, ён працаваў у губернскім статкамітэце, выкладаў у Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археалагічнага інстытута, у інстытуце народнай адукацыі (у 1923 годзе пераўтвораны ў Вышэйшы педагагічны інстытут).

Памёр краязнаўца ў 1924 годзе ў горадзе на Дзвіне, дзе і быў пахаваны. У Віцебску яго імя носіць вуліца. Бюст А. П. Сапунова усталяваны у галерыі помнікаў выдатным людзям перад уваходам у ВДУ імя П. М. Машэрава.

За сваё жыццё даследчык даўніны сабраў унікальную бібліятэку, асобнікі з якой у 1923 годзе паступілі ў фонды Беларускай дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэкі (цяпер Нацыянальная бібліятэка Беларусі).

Частку матэрыялаў з гэтага збору і з асабістага архіва Аляксея Сапунова можна будзе ўбачыць на выставе ў Мінску. Экспазіцыя арганізавана пры ўдзеле Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь

сумесна з Віцебскім абласным краязнаўчым музеем. Як паведаміла

загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела Надзея Варламава, музей са сваіх фондаў прапанаваў для выставы 67 унікальных прадметаў — факсіміле дакументаў да легендарнай «Віцебскай даўніны», літаграфіі да кнігі “Рака Заходняя Дзвіна”, шэраг аўтографаў, узнагародныя лісты, радавод, перапіска са знакамітымі даследчыкамі Віцебшчыны Еўдакімам Раманавым, Міхаілам Кусцінскім, а таксама рукапісная праца “Гісторыя г. Віцебска”, якая так і не была выдадзена. Яна з’яўляецца адным з найбольш каштоўных прадметаў у музейным зборы Аляксея Сапунова, які налічвае больш за 600 дакументаў.

Дакрануцца да беларускай даўніны праз асобу Аляксея Сапунова, азнаёміцца з яго спадчынай наведвальнікі Музея кнігі змогуць да 2 мая. 

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Падрыхтавала Наталія КРУПІЦА.