Георгій Лойка ўзнагароджаны ганаровым званнем «Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь»

logo
Понедельник, 08.06.2020 10:21 | Рубрика: Культура
01624

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 191 ад 3 чэрвеня 2020 года ганаровае званне «Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь» прысвоена артысту драмы, вядучаму майстру сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Георгію Мікалаевічу Лойку.

Як паведамляе сайт НАДТ імя Якуба Коласа, Георгій Лойка працуе ў тэатры імя Якуба Коласа з 1981 года пасля заканчэння акцёрскага аддзялення Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (курс Валерыя Раеўскага). Стварыў на коласаўскай сцэне больш за сотню сцэнічных вобразаў. Найбольш знакавыя з іх ведаюць усе прыхільнікі сцэнічнага мастацтва: князь Бельскі («Касатка» А.Талстога), Джордж Пігдэн («Ён. Яна. Акно. Нябожчык.» Р.Куні), Кочкін («Адэлаіда» Ж.Унгарда), Фларыян Басяцкі («Хрыстос прызямліўся ў Гародні» Ул.Караткевіча), Філіп Дэбні («Перабор» Х.Бергера), Рыспаложанскі («Банкрут» А.Астроўскага), Макдуф («Макбет» У.Шэкспіра), Жэром Ангюст («Я вольны!» А.Натомб), Сцяпан («Цень думкі нашай...» паводле твораў Ф.Аляхновіча), Іван Каламійцаў («Апошнія» М.Горкага), Антуан («Скрыпкі часам вядуць да вар’яцтва» па п’есе Ф.Саган «Скрыпкі часам»), Шыпучын («Смешныя людзі» па аднаактовых п'есах А.Чэхава), Кантузаў («Бальніца на краі свету» Х.Бойчава), Іван Пецін і Павел («Яшчэ раз пра каханне» паводле апавяданняў В.Шукшына) і многія іншыя.

За выключнае акцёрскае выкананне адзначаны крытыкай міжнародных фестываляў «Славянскі вянец» (Масква, Расія), «Мельпамена Таўрыі» (Херсон, Украіна), фестывалю славенскай драмы (Крань, Славенія), Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі (Бабруйск), Рэспубліканскага фестывалю нямецкамоўнай драматургіі (Мінск). На фестывалі «Смаленскі каўчэг» (Смаленск, Расія) узнагароджаны прызам за лепшую ролю другога плану (Макдуф, «Макбет»).

Артыст актыўна здымаецца ў кіно: «Сапраўднае жыццё», «Сямейны дэтэктыў», «Шагал – Малевіч». У фільме «Янка Купала» іграе адну з галоўных роляў – народнага пісьменніка Якуба Коласа.

Неаднаразова адзначаны ўзнагародамі – нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі»(2006), Ганаровай граматай (2001) і Граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2017), Ганаровай граматай Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў (2010). У 2015 годзе занесены на Дошку гонару Кастрычніцкага раёна г.Віцебска. У 2012 годзе ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталия КРУПИЦА. Фото kolastheatre.by