“Цуды з “КапялюШа” -- пад такой назвай 16 студзеня у выставачнай зале Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці ў рамках арт-праекта “Партрэт майстра” адкрылася персанальная выстава майстра народных мастацкіх рамёстваў Андрэя Рэцікава з Наваполацка, якую можна наведаць да канца бягучага месяца.
Павіншаваць майстра са знакавай падзеяй прыйшлі калегі – галоўны спецыяліст упраўлення культуры абласнога выканаўчага камітэта Зоя Гукава, кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі Беларускага тэатра “Лялька” Людміла Сіманёнак і іншыя.
У экспазіцыі прадстаўлены дзесяць батлеек і больш за сотню лялек, вырабленых Андрэем Міхайлавічам у розных тэхніках. Адно з цэнтральных месцаў на выставе займае рэканструкцыя батлеечнай скрыні – віцебскай батлейкі “Жлоб”.
Андрэй Рэцікаў нарадзіўся ў Наваполацку, і сёння яго імя вядома не толькі на Віцебшчыне, але і далёка за межамі краіны. У сваёй дзейнасці вялікую ўвагу ён надае народнаму тэатру лялек “КапялюШ”, які паспяхова працуе на базе Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры ў Наваполацку і прымае актыўны ўдзел у абласных, рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемствах (у 2010 годзе тэатру было прысвоена ганаровае званне “народны”). Сваю першую лялечную пастаноўку Андрэй Міхайлавіч прадставіў 24 гады назад, а за ўвесь перыяд работы сабраў вялікі метадычны матэрыял па гісторыі беларускай батлейкі, аб батлеечных тэатрах Расіі, Украіны, традыцыйным тэатры Заходняй Еўропы. Яго вопыт неаднаразова абагульняўся спецыялістамі абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці ў выглядзе інфармацыйна-метадычных выданняў. За папулярызацыю традыцыйнай культуры, добрасумленную працу, актыўны ўдзел у мерапрыемствах мае шэраг узнагарод. У 2019 годзе ўдастоены ганаровага звання “Чалавек года ў сферы культуры” ў намінацыі “Народная творчасць” рэспубліканскага конкурсу. Дзейнасць Андрэя Рэцікава шырока прадстаўлена на старонках навукова-папулярнага выдання “Забава. Народная цацка і лялька Віцебшчыны”.
Падчас адкрыцця выставы ўсе прысутныя змаглі паслухаць цудоўную музыку ў выкананні ўзорнага ансамбля народных інструментаў “Забава” дзіцячай школы мастацтваў № 4 горада Віцебска, а таксама стаць удзельнікам батлеечнага прадстаўлення ў выкананні аўтара персанальнай выставы.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.