24 кастрычніка ў Вiцебскай абласной бібліятэцы адбыўся творчы вечар паэта Мікалая Намеснікава «Куда ведёшь, любовь моя и вера?..»

logo
Вторник, 31.10.2017 14:03 | Рубрика: Культура
03269

Мікалай Уладзіміравіч Намеснікаў – загадчык секцыі паэзіі Віцебскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі», лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі. Аўтар паэтычных зборнікаў «Забытые небеса», «На распутьях ветров и дорог», «Листопад исповедальный», «Время яблок». Восеньскі настрой гучыць у многіх радках паэта, у назвах яго кніг. Менавіта восеньскую пару абраў Мікалай Намеснікаў для правядзення сваёй юбілейнай вечарыны.

У гэты дзень адбылася важная для Мікалая Уладзіміравіча падзея – уручэнне яму вышэйшай узнагароды Саюза пісьменнікаў Беларусі – медаля «За вялікі ўклад у літаратуру». Старшыня Віцебскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Тамара Краснова-Гусачэнка, уручаючы гэтую пачэсную ўзнагароду, нагадала прысутным пра вехі жыццёвага і творчага шляху Мікалая Намеснікава, расказала пра вялікую выхаваўчую працу, якую ён вядзе з моладдзю. Прачулена прагучалі радкі вершаў Мікалая, найбольш блізкія Тамары Іванаўне. Сапраўдную грамадзянскасць паэзіі Мікалая Намеснікава падкрэсліў пісьменнік, краязнаўца Віктар Улюценка. Доктар філалагічных навук, прафесар Алена Муратава ўручыла ў падарунак былому выпускніку Віцебскага педінстытута імя С. М. Кірава (цяпер ВДУ імя П. М. Машэрава) зборнік артыкулаў, які выдаў універсітэт і ў якім змешчаны артыкул пра творчасць Мікалая Намеснікава.

У зале не было выпадковых людзей: сабраліся сябры, родныя, аднадумцы, людзі, якім блізкая творчасць паэта. І ў гэты вечар у сяброўскім коле Мікалай Намеснікаў быў розным: іранічным і задумлівым, сур’ёзным і вясёлым. Такімі ж рознымі былі і вершы, якія ён чытаў уважлівым слухачам. Даўні сябар юнацтва Мікалая – журналіст Сяргей Навумчык адзначыў вялікую глыбіню паэзіі Мікалая Намеснікава, які нібы пераняў творчую эстафету ад Міхаіла Шолахава, Лідзіі Обухавай, Ігара Шклярэўскага.

Вельмі кранальным было выступленне былой настаўніцы Мікалая – Тамары Мікалаеўны Сіроткінай, якая прынесла паэту ў падарунак яго дзіцячы малюнак, што беражліва захоўваўся ёю некалькі дзесяцігоддзяў. Былыя калегі-настаўнікі, з якімі Мікалай Уладзіміравіч працаваў у сярэдняй школы № 34 г. Віцебска, выказалі нямала цёплых словаў і добрых успамінаў.

Святочны, прыўзняты настрой вечарыны аздобіла яскравае выступленне музыкі Міхася Рубіна, які выканаў песні на словы Мікалая Намеснікава.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Ларыса РАГАЧОВА. Фота Аксаны ГУДЗЕЛЕВАЙ.