У Віцебскім дзяржаўным універсітэце прайшла сустрэча з пляменнікам Максіма Танка Іванам Скурко

logo
Пятница, 06.10.2017 12:07 | Рубрика: Культура
03878

У чытальнай зале бібліятэкі галоўнага корпуса ВДУ імя П. М. Машэрава адбылася літаратурная імпрэза «Прайсці праз вернасць» да 105-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Максіма Танка. Геніяльны творца з’явіўся на свет 17 верасня 1912 года.

Літаратурная сустрэча аб’яднала аматараў беларускага мастацкага слова. У выкананні выкладчыкаў і студэнтаў філалагічнага факультэта прагучалі вершы і песні на словы паэта. Ганаровым госцем імпрэзы стаў пляменнік М. Танка Іван Скурко. Ён падзяліўся цікавымі фактамі і гісторыямі з жыцця класіка.

– Я вельмі ганаруся, што ў нашым родзе ёсць такі чалавек. Здараецца, бібліятэкар бачыць маё прозвішча, здзіўляецца, задае пытанні: больш за ўсё людзям падабаюцца гісторыі, якіх не знойдзеш у падручніках, – падкрэсліў Іван Фёдаравіч. – Безумоўна, калі б, будучы малым хлопцам, я ведаў, якая побач са мной знаходзіцца асоба, то больш увагі надаваў бы кожнай дробязі ў размове з дзядзькам.

Прэзентацыя жыццёвага шляха паэта, выстава яго кніг дазволілі прысутным пранікнуцца мінулым літаратара. Старшы выкладчык кафедры літаратуры, загадчык народнага літаратурнага музея ўніверсітэта Ірына Саматой рассказала аб прыцягальнасці паэзіі творцы, еўрапейскай значнасці яго лірыкі.

– Спадчына Максіма Танка – гэта скарбніца беларускага мастацкага слова, менавіта ў яго паэзіі ўвасобіўся характар, менталітэт беларуса, яго гістарычныя шляхі, высокі патэнцыял беларускай культуры, нашай мовы, – адзначыла Ірына Вацлаваўна. – Літаратурная спадчына класіка ўражвае разнастайнасцю тэм, вобразаў, форм, творчым засваеннем нацыянальнай традыцыі і наватарскімі пошукамі. Паэт пераканаўча даказаў права беларускага народа на сваё месца ў сусветнай мастацкай культуры.

Падобныя сустрэчы даюць магчымасць пачуць жывое беларускае слова, сустрэцца з цікавымі людзьмі, акунуцца ў атмасферу беларускасці і даведацца штосьці новае пра класіка. Лірыка Максіма Танка чапляе, яна неадназначная, бо ідзе з глыбіні, ад сэрца, таму да яе нельга быць абыякавым.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Падрыхтаваў Андрэй ШЧАРБІЦКІ. Фота Вольгі ЛУЗГІНОЙ.