Cерыя заняткаў сацыяльнага адукацыйнага праекта «Чытаем па-беларуску з velcom» завершылася на Віцебшчыне ў тэатры «Лялька»

logo
Пятница, 07.04.2017 11:20 | Рубрика: Культура
02454

Незвычайны ўрок роднай мовы прайшоў 6 красавіка ў Беларускім тэатры “Лялька”. Да маленькіх і дарослых гледачоў завіталі людзі вядомыя – пісьменнік і галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка” Уладзімір Ліпскі, тэлевядучы Юрый Жыгамонт, пісьменніца Алена Масла.

Менавіта ў тэатры “Лялька” завершылася на Віцебшчыне серыя заняткаў сацыяльнага адукацыйнага праекта “Чытаем па-беларуску з velcom”. У гэты дзень такія ж займальныя ўрокі беларускай мовы і літаратуры ўдзельнікі праекта правялі ў некаторых гімназіях і сярэдніх школах Віцебска, а раней – у Полацку, Наваполацку, Оршы, Паставах, Глыбокім. Адукацыйная праграма “Чытаем па-беларуску з velcom” праходзіць на рэспубліканскім узроўні. Ініцыятарам праекта выступае кампанія velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. Галоўная мэта – папулярызацыя матчынай мовы сярод малодшых школьнікаў праз інтэрактыўныя ўрокі, якія прадугледжваюць захапляючыя гульні, загадкі і наогул творчасць дзяцей.

Так было і ў тэатры “Лялька”, дзе ў глядзельнай зале гучала са сцэны чысцюткая, меладычная, прыгожая родная мова. Уладзімір Ліпскі, напрыклад, прачытаў дзецям сваю арыгінальную, мілагучную казку пра А і Б. Юрый Жыгамонт нагадаў, што 500 год таму з’явілася першая друкаваная кніга на беларускай мове. А Алена Масла расказала пра нешта наогул неверагоднае: аказваецца, квакаюць толькі “рускамоўныя” жабкі, а нашы, беларускія… крумкаюць!

Завяршыўся гэты незвычайны ўрок праглядам новага спектакля “Вясёлы Дарафей” Ніны Гернэт (пастаноўка мастацкага кіраўніка Беларускага тэатра “Лялька” заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віктара Клімчука). Інтэрактыўная казка ў выкананні Марыі Кавалёвай, Вольгі Лазебнай, Вольгі Маханьковай і Аляксандра Казлова выклікала жывы водгук у дзяцей (дарослыя таксама не маглі заставацца абыякавымі – столькі было пазітыўных эмоцый). Падчас спектакля маленькія гледачы вывучылі песню і ў канцы разам з артыстамі дружна заспявалі па-беларуску.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Віталій СЯНЬКОЎ. Фота Вячаслава ШАЙНУРАВА.