Народная артыстка Беларусі Святлана Акружная святкуе юбілей

logo
Среда, 25.01.2017 12:49 | Рубрика: Культура
02422

Народная артыстка Беларусі, лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне» 26 студзеня, у дзень свайго юбілею, зноўку выйдзе да сваіх шматлікіх прыхільнікаў (а ў Віцебску, ды і далёка за межамі абласнога цэнтра іх вялікая колькасць), каб яшчэ раз парадаваць чароўнай усмешкай, прыгадаць разам з гледачамі мінулае, пераважна светлыя старонкі свайго жыцця і, вядома ж, незабыўныя вобразы.

Усяго іх створана на коласаўскай сцэне (дзе служыць актрыса на працягу 47 гадоў) больш за шэсць дзясяткаў. А былі ж і ролі ў кіно (Ганна Карпілава з «Плача перапёлкі», Аленка з фільма «Другая восень», Дачка з «Зацюканага апостала»). Напярэдадні юбілею мы сустрэліся з вядомай беларускай артысткай.

— Ці марылі вы ў раннім узросце аб акцёрскай прафесіі?

— Яшчэ зусім маленькай дзяўчынкай я спявала і расказвала вершыкі перад гасцямі, што прыходзілі да нас. Потым у школе іграла ў драмгурт­ку, у прыватнасці, ролю Старой у «Казцы пра рыбака і рыбку», памятаю, рагатала ўся зала. Мы перамаглі ў конкурсе самадзейных калектываў, і нас паказвалі па тэлебачанні. Жаданне стаць актрысай узнікла пасля прагляду фільма «Узрост кахання» з Лалітай Торэс. Штосьці незвычайнае, таямнічае нарадзілася ў маёй душы. Енчыла, што хачу быць актрысай. Нават бацькі не маглі зразумець такога моцнага ўзрушэння маленькай дзяўчынкі. Гэта жаданне больш не пакідала мяне. Вельмі вабіла кіно, але сцэна прыцягвала асаблівым магнітам. Ніводны школьны канцэрт не праходзіў без майго ўдзелу. Займалася ў драмгуртку, спявала ў ансамблі, танцавала, спрабавала сябе ў гімнастыцы. Спярша была выдатніцай. Потым па дакладных прадметах пачалі з’яўляцца і чацвёркі. Вельмі многа чытала, нават на ўроках.

Бацькі хацелі, каб я стала ўрачом. З такім маленькім ростам артыстамі не становяцца, казалі яны. Але настойлівасць усё ж такі перамагла.Тата з мамай далі магчымасць паспрабаваць. Бацька сам прывёз мяне з Украіны ў Беларусь, на сваю радзіму. Калі я паступіла, то ніхто не пагутарыў, пакуль тата сам не перагаварыў з кіраўніком курса, прафесарам Дзмітрыем Арловым. Той сказаў: «Не хвалюйцеся, у вашай дачцэ штосьці ёсць». Я трапіла да лепшага педагога.

— Ігра якіх акцёраў паслужыла для вас арыенцірам у творчым росце, прафесійным станаўленні?

— Мяне заўсёды зачароўвала ігра такіх акцёраў, як Інакенцій Смактуноўскі, Марына Няёлава, Таццяна Самойлава, з беларускіх акцёраў — гэта Стэфанія Станюта, Анатоль Трус.

— Раскажыце, калі ласка, пра вашы першыя ролі.

— Іграла ўсё: і дзяцей (у тым ліку і хлапчукоў), і падлеткаў, і маладых гераінь. Якую б ролю не даручалі, заўсёды працавала з поўнай аддачай, і так усё жыццё. Адказнасць за выхад на сцэну не пакідала мяне ніколі.

— На ваш погляд, якія ролі найлепш удаліся? Якія спектаклі запомніліся больш за ўсё?

— Больш за ўсё ўдаваліся ролі ў добрай, якаснай драматургіі. У юнацтве гэта Інга ў «Салаўінай ночы» Валянціна Яжова, Анютка ва «Ула­дзе цемры» па п’есе Талстога, Дачка ў «Зацюканым апостале» Макаёнка, Нэлі ў «Прыніжаных і зняважаных» Дастаеўскага, крыху пазней — Катрын у «Матухне Кураж» Брэхта, у больш сталым узросце — Бобі Мітчэл у камедыі Ніла Саймана «Гэты страсна закаханы», Франка ў «Хаме» Элізы Ажэшка, Марлен Дзітрых з п’есы Дзмітрыя Мінчонка «Марлен… Марлен...», Эмілія Марці з «Рэцэпта Макропуласа» Чапека, у апошнія гады — Кацярына Іванаўна з аднайменнай п’есы Андрэева, Васа Жалязнова Горкага, Клара Цэханасьян з «Візіту дамы» Дзюрэнмата.

— Вам лягчэй іграць гераінь, падобных да вас, адпаведных вашай фактуры, арганіцы, ці наадварот?

— Калі атрымаеш ролю, так і выношваеш яе, як маці дзіця. Пакуль роды не адбудуцца. Я люблю спрабаваць і іграць разнапланавыя характары. Гэта цікава. Такім чынам, ты і сябе больш пазнаеш. Філасофія добрай драматургіі вельмі станоўча ўплывае на мяне. Больш пазнаеш псіхалогію чалавека, яго ўнутраны свет. Кожны спектакль імкнуся іграць грунтоўна, быццам на сцэну выходжу ў апошні раз. Вядома, фізічны стан можа ўносіць свае па­праўкі, змены. Усе ж мы людзі.

— Як складваліся адносіны з рэжысёрамі? Ці быў сярод іх самы дарагі, самы любімы?

— Прыгадваючы сваё сцэнічнае жыццё, мяркую, што з двума рэжысёрамі я не змагла паразумецца: з адным поўнасцю, з другім напалову. Асаблівае месца ў маім жыцці займае, канешне, Барыс Эрын. Працаваць з ім было сапраўдным задавальненнем. Мы пісалі лісты, званілі адзін аднаму, сябравалі да канца яго дзён. Як шкада, што ўсё гэта ўжо ў мінулым. Адны ўспаміны. Але яны таксама падтрымліваюць мяне. Каб вы толькі ведалі, якую яны маюць сілу! Такіх майстроў зараз мала. Амаль зусім няма. Вельмі хочацца, калі б дазволіла здароўе, яшчэ раз сустрэцца на сцэнічнай пляцоўцы з Пінігіным, з Раманам Вікцюком (тым больш, ён мой зямляк) — ён вельмі станоўча ацаніў маю Шарлоту ў «Вішнёвым садзе» падчас апошніх гастроляў коласаўцаў у Маскве.

— Як складваліся стасункі з партнёрамі? Ці існуе зараз такое ўзаемаразуменне, як раней?

— Я працавала з цудоўнымі артыстамі: Трус, Куляшоў, Маркіна, Цішачкін, Канапелька, Дубаў, Сяўко. Ніякіх праблем з імі я не адчувала. Не адчуваю іх і зараз. Штосьці падказваю маладым акцёрам.

— Што значыць для вас рэакцыя гледача? Як вы яго адчуваеце?

— Мы жывём для гледача. Мы яго любім. І ўсё наша акцёрскае існаванне звязана з ім. Ад сэрца — да сэрца. Нам суджана адчуваць дыханне залы, смяяцца, перажываць — і ўсё разам з ім. І так кожны вечар.

— Летась вы атрымалі званне «Віцябчанін года». Якія канкрэтныя справы удалося зрабіць для паляпшэння культурнага і грамадскага развіцця горада?

— У садружнасці з Уладзімірам Гарцуевым мы стварылі ў Віцебску таварыства інвалідаў-калясачнікаў. Пасля смерці першага кіраўніка на працягу 10 гадоў таварыства ўзначальваў мой сын — Дзмітрый Сцямасаў. Таму зусім не дзіўна, што маці таксама жыла клопатамі таварыства: спрыяла арганізацыі шэрагу спартыўных мерапрыемстваў, экскурсійных паездак у Полацк з наведваннем Спаса-Ефрасіннеўскага жаночага манастыра, проста за горад на адпачынак. Гэтыя людзі хочуць адчуваць сябе паўнацэннымі, жадаюць развіваць свае фізічныя, творчыя здольнасці. Пры падтрымцы віцебскага абласнога аддзялення рэспубліканскага таварыства Чырвонага Крыжа быў арганізаваны марафон інвалідаў-калясачнікаў у Дзень Перамогі. Рэгулярна праводзяцца творчыя конкурсы сярод гэтай катэгорыі лю­дзей, паэтычныя вечары. Зусім нядаўна такі вечар з удзелам паэтэсы Ірыны Малашэнка прайшоў у культурна-гістарычным комплексе «Залатое кола горада Віцебска «Дзвіна». На ім прысутнічала і я, чытала вершы маладой аўтаркі. Была проста ўражана гэтай маладой жанчынай. Яна любіць прыроду, захапляецца спор­там, падарожнічае, удзельнічае ў міжнародных конкурсах, на яе вершы нават пішуцца песні. Ірына на дзіва пранікнёна піша пра вайну ў Афганістане, быццам сама пабывала там.

У свой час удалося дамагчыся выдзялення мікрааўтобуса для інвалідаў з захворваннямі апорна-рухальнага апарата. Дапамагла ў арганізацыі рэабілітацыйнага цэнтра з камп’ютарным класам у Віцебскім доме-інтэрнаце для ветэранаў і інвалідаў. Змагла таксама заказаць і прывезці з Масквы трэнажор Дзікуля. Ужо пазней у Віцебску рабочыя завода «Візас» у вольны час вырабілі два падобныя станкі, праўда, з іншай камплектацыяй. Гэта прыклад нашага чалавека, які здольны зразумець і раздзяліць бяду іншага, дапамагчы пераадолець цяжкасці. Падчас працы ў парламенце я доўга дабівалася ўнясення папраўкі ў Палажэнне аб парадку забеспячэння інвалідаў аўтамабільным транспартам і кампенсацыі выдаткаў на іх транспартнае абслугоўванне. Многія сотні маладых людзей, пацярпелых падчас выканання воінскага абавязку, пазбаўлены вельмі неабходнага ім сродку рэабілітацыі. Шмат часу аддала і абароне інтарэсаў вайскоўцаў ды іх бацькоў: дапамагла пацярпелым выйграць тры судовыя працэсы. Вырашала жыллёвыя пытанні. Ні адзін зварот не за­стаўся без адказу. Дапамогу атрымліваў кожны.

— Дзякуй за гутарку. З юбілеем!

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Гутарыў Юрый ІВАНОЎСКІ, мастацтвазнавец.