Выйшла ў свет першае грунтоўнае выданне ў Віцебскай вобласці, прысвечанае харэаграфічнаму мастацтву

logo
Четверг, 16.04.2020 12:25 | Рубрика: Год народного единства
02924

Кніга “Прыдзвінскія карункі (народная танцавальная спадчына Віцебшчыны)”, выдадзеная Віцебскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці, — першае грунтоўнае выданне ў Віцебскай вобласці, прысвечанае харэаграфічнаму мастацтву.

Кніга прызначаецца ўсім, хто цікавіцца традыцыйнай беларускай культурай, а таксама тым, хто жадае вывучаць танцавальны фальклор і танцаваць “па-даўнейшаму”.

Выданне “Прыдзвінскія карункі (Народная танцавальная спадчына Віцебшчыны)” дае агульны малюнак бытавання танцавальнага фальклору ў Віцебскай вобласці, прадстаўляе матэрыялы па беларускаму народна-сцэнічнаму танцу і па развіцці народнай харэаграфіі, дэманструе яе адметныя асаблівасці. У кнізе прадстаўлены мясцовыя адметныя карагоды, танцы, традыцыйныя фальклорныя найгрышы, запісаныя ад непасрэдных носьбітаў падчас фальклорна-этнаграфічных экспедыцый на працягу не аднаго дзесятка гадоў. Кожная вёска, раён Віцебшчыны маюць свае фальклорныя асаблівасці. Кадрыля і “Лянцяй”, полькі, вальсы, мелодыі і напевы розных рэгіёнаў вобласці, якія адрозніваюцца матывамі найгрышаў, назвай танцаў, складам інструментаў у ансамблі, дзякуючы выданню, набылі новае жыццё, пераўтварыліся і адрадзіліся ў сучасным асяроддзі, каб быць захаванымі і перададзенымі нашчадкам. Каб успомніць і запісаць нотным тэкстам і харэаграфічнымі малюнкамі музычны і танцавальны матэрыял, які, здавалася, ужо даўно забыты, была апрацавана вялікая колькасць метадычных выданняў мінулых гадоў і нават, стагоддзя, кніг па фальклору, архіўных запісаў, што дае магчымасць выкарыстоўваць гэты матэрыял кіраўнікамі фальклорных, харэаграфічных, інструментальных калектываў у сваёй творчасці, выкладчыкам і навучэнцам дзіцячых школ мастацтваў.

Адзін з раздзелаў кнігі прысвечаны вядомым харэографам, заслужаным дзеячам культуры Беларусі – Івану Серыкаву, Леаніду Барадульку, Осіпу Партному, харэаграфічныя пастаноўкі якіх і сёння займаюць вядучае месца ў творчасці танцавальных калектываў не толькі Віцебскай вобласці, але і краіны. А “Вянок танцаў” Івана Серыкава, наогул, публікуецца ўпершыню ў поўным аб’ёме – гэта 27 унікальных узораў народнай харэаграфіі, якія апрацавалі супрацоўнікі ВАМЦНТ.

Вялікая ўвага надаецца лепшым калектывам і абласным мерапрыемствам, накіраваным на развіццё і папулярызацыю танцавальнай спадчыны Віцебшчыны. Гэта – абласныя агляды-конкурсы фальклорнага мастацтва дзяцей і моладзі “Ад прашчураў да зор”, харэаграфічных калектываў Віцебшчыны “Прыдзвінскія карункі”, адкрыты турнір нацыянальных танцаў у межах фестываля “Славянскі базар у Віцебску”.

Старонкі кнігі аздоблены выцінанкамі галоўнага мастака ВАМЦНТ Ганны Перлінай.

Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці дзякуе ўсім, хто паспрыяў падрыхтоўцы кнігі да друку: установам культуры вобласці, былым супрацоўнікам ВАМЦНТ кіраўнікам фальклорных і харэаграфічных калектываў, асабліва Таццяне Спаткай, Наталлі Нікіфаровіч, Вераніцы Хомбак, Валянціне Вішнеўскай, Ганне Макравусавай, Аляксандру Усцінаву, Дзмітрыю Зайко, Таццяне Бярговінай, Галіне Рудзёнак, Надзеі Кавалёвай, Анастасіі Красоўскай.

Беларускі народ мае багатую культурную спадчыну: танцы, песні, казкі, абрады, гульні. Таму кожны жыхар нашай краіны павінен берагчы гэты скарб, які і з’яўляецца культурным кодам нацыі.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Надзея УЛІНОВІЧ, загадчык аддзелам традыцыйнай культуры ВАМЦНТ.