Аматары адпачынку па-вясковаму ўжо даўно аблюбавалі незвычайнае месца ў Глыбоцкім раёне, дзе мясцовая жыхарка заснавала аграэкасядзібу «Родны край»

logo
Среда, 18.03.2020 11:20 | Рубрика: Год народного единства
02348

Аматары адпачынку па-­вясковаму ўжо даўно аблюбавалі цікавае і незвычайнае месца ў Глыбоцкім раёне, вёсцы Валодзькава, дзе мясцовая жыхарка Юлія Бука выкупіла разам з супольнікамі шэраг хат і заснавала аграэкасядзібу «Родны край».

З дзяцінства Юлія захаплялася прыгажосцю родных краявідаў, асабліва любіла бавіць час ля возера Акунёва. І яшчэ тады яна вырашыла, што гэтыя мясціны трэба абавязкова паказаць іншым, каб як мага больш турыстаў завітала ў Валодзькава. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі Юлія вярнулася на малую радзіму і ў 2006 годзе пачала рэалізоўваць сваю даўнюю задуму.

Пачынала з адной гасцявой хаты. Пазней, калі гаспадыня ўбачыла, што такі від адпачынку запатрабаваны, пачала набываць і іншыя дамы. У сваіх агра­экасядзібах жанчына намагаецца перадаць каларыт мінулых часоў, таму беражліва захоўвае інтэр’ер з той мэбляй, якая засталася ў хатах ад былых жыхароў, паказвае, як жывуць у беларускіх вёсках на самай справе. Юлія кажа: «Мінімум цывілізацыі, максімум свабоды. Альбо ўявіце, што вы прыехалі да бабулі, і там ёсць усё неабходнае для жыцця і нават крышачку болей». Яшчэ яна адзначае, што важна і пра родную мову не забываць, таму беларускамоўным наведвальнікам гаспадыня робіць зніжкі.

У аграэкасядзібах Юліі вельмі проста, утульна, па­дамашняму добра. У сваю справу жанчына ўкладвае ўсю душу. Але не толькі гэтым займаецца Юлія Бука. Гаспадыня дапамагае перажыць зіму састарэлым людзям у адным з дамоў аграсядзібы, заўсёды сама гатуе ежу, частуе беларускімі нацыянальнымі стравамі, як сацыяльны работнік наведвае адзінокіх пажылых людзей.

Дзякуючы толькі сваім намаганням і працы Юлія дасягнула таго, што жадаючыя пагасцяваць у сядзібе вымушаны загадзя браніраваць месца. Не часта зараз можна сустрэць людзей з такімі патрыятычнымі поглядамі і адданасцю родным мясцінам і радзіме.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Ксенія ЗУЙ, студэнтка ВДУ імя П.М.Машэрава.