Мы гулялі па Дунаі… У Віцебску ёсць «цёзка» самай доўгай у Еўрапейскім Саюзе ракі

logo
Среда, 13.05.2020 16:18 | Рубрика: Год народного единства
02443

Ці ведаеце вы, што для таго, каб адчуць сябе сапраўдным турыстам, зусім не абавязкова пакідаць шумны горад і ехаць за многія вёрсты на прыроду? Гэта можна зрабіць і ў Віцебску, які, як па мне, проста пакутуе ад недахопу зеляніны. Практычна ў самым цэнтры абласной сталіцы ёсць куток жывой прыроды — яр, утвораны ручаём з паэтычнай назвай Дунай. Для вандроўкі вам спатрэбіцца толькі не самая «парадная» вопратка, а на ногі вельмі дарэчы былі б гумавыя боты.

«З краю Дунаю чаванок плыве…»

Вышэйзгаданы радок праспявала адной знаёмай збіральніцы фальклору бабулька з Асвеі. А з якой нагоды нашым продкам было апяваць раку, што знаходзіцца за тысячу кіламетраў ад родных мясцін? А цячэ Дунай па тэрыторыі дзесяці краін: і праз Сербію з Харватыяй, і праз Славакію з Балгарыяй, і нават праз Украіну. Некаторыя навукоўцы лічаць, што менавіта з гэтай ракі і прыйшлі нашыя далёкія прашчуры. І, як бачым, бераглі памяць пра свае вытокі. Ужо ў часы Сярэднявечча ў Віцебску з'явіўся свой Дунай. І, мяркую, куды больш шырокі і паўнаводны, чым сёння. Як бы за стагоддзі плынь прарыла такі шырокі і глыбокі яр?

У ранняй гісторыі Віцебска ўзнікла і Задунаўская слабада, ад сучаснай плошчы Свабоды адыходзіла Задунаўская вуліца (сённяшні праспект Фрунзе). Сяліўся тут просты люд. Тут пэўны час жыў у дзеда будучы вядомы дзіцячы пісьменнік Самуіл Маршак і пакінуў свае ўспаміны пра яўрэйскае жыццё.

Ад вусця…

А ці існуе ён сёння наогул, той старажытны Дунай? Некаторыя мае добрыя знаёмцы выказалі сумненне ў гэтым. Але ж ёсць! Невялічкая плынь уцякае ў больш паўнаводны Гапееў ручай акурат пад аблвыканкамаўскай вежай з гадзін­нікам. І ўжо разам яны працякаюць за амфітэатрам і «ныраюць» пад праспект Фрунзе (першапачатковы шлях быў да Дзвіны праз цяперашні бізнэс-цэнтр «Марка-Сіці», але ў даўнія часы для лепшай абароны Ніжняга замка быў пракапаны роў да Віцьбы). Але наш маршрут ідзе да вытокаў Дуная…

Свой шлях мы пачалі ад Летняга амфітэатра. Тут нядаўна было праведзена добраўпарадкаванне. Берагі выкладзены каменнем, ёсць альтанка і нават арэлі. Што ж, скарыстаўшы момант, прысядзем на дарожку, бо перад намі стромкі абрыў, трэба ўзыходзіць наверх.

…А тут, на вышыні, адкрываецца прыгожы краявід. У зарослай дрэвамі цясніне цячэ Дунай. Наўпрост — стадыён медуніверсітэта. Пра яго існаванне, думаю, не ведае ладная частка гараджан.

Зялёныя лёгкія горада

Наш горад мае адметны ландшафт, у яго жыватворна па ярах і рэчышчах уразаецца жывая прырода — вось і робіцца прыемнае ўражанне. Уваходзіш у «Дунайскі лес» — і звыклы для горада шум аўто змяняецца птушыным пошчакам ды іншымі гукамі. І паўсюль процьма рознакаляровых кветак, якіх больш нідзе ў горадзе не сустрэнеш.

Спачывай!..

А прыемна тут не толькі пахадзіць, але і пасядзець. Тым больш што ля інтэрнатаў медуніверсітэта зроблены цудоўныя альтанкі, у якіх студэнты абмяркоўваюць будучыя іспыты, а ўвечары прызнаюцца ў каханні. І гучаць тут розныя мовы. А які зялёны дыван тут рассцяліўся ўнізе! «Проста зачысць!» — казала ў такіх выпадках мая бабуля.

Дунайскія людцы

Старажылы распавядалі мне, што раней з «фрунзенскага» боку Дуная сяліліся пераважна яўрэі: ранейшая згадка пра Маршака таму пацвярджэнне. А вуліцы ў слабадзе па-простаму называлі «першая», «другая», «трэцяя» і г. д. Цяперашніх жыхароў шматпавярховак назваць дунайцамі неяк не выпадае. А вось дзве вясковыя хаткі ўдалося адшукаць. Яны размясціліся на стромкім беразе каля маста праз ручай у раёне медуніверсітэта. Думаю, іх жыхары могуць толькі ганарыцца тым фактам, што побач які-ніякі Дунай.

У чаканні прыгод

Каля таго ж медуніверсітэта сыходзім па лесвіцы ўніз і пераходзім на «праўдзінскі» бераг. Праходзім колькі дзясяткаў метраў па сцежцы, якая дазваляе жыхарам недалёкіх жылых дамоў значна скараціць свой шлях. Погляд спыняецца на перакінутых праз ручай «тэхналагіч­ных» ліянах — скрутку кабеляў. Траншэю тут жа падземную праблематычна пракапаць. Вось так і спалучыліся «джунглі» горада з жывой прыродай.

Ісці наперад становіцца няпроста, і неба над галавой усё цяжэй разгледзець з-за пераплеценых галін. Прадзіраемся скрозь хмызы і трапляем акурат… у трамвайнае дэпо.

Вось такі ён сёння віцебскі Дунай: вузенькі, бруднаваты, бо яго воды папаўняюць розныя сцёкі з ліўнёвай каналізацыі. Хаця, на маёй памяці, аднойчы ўвесну ён паказаў свой нораў і нават затапіў Летні амфітэатр. Вядома, гэта было непрыемна, да таго ж увяло ў страты. Але ж нагадала знакаміты Дунай з яго магутнай плынню, наравістасцю, абмытыя яго водамі нашы славянскія карані. Так што ручаіна ў нас адметная, гістарычная. І мае надзвычай важнае экалагічнае значэнне. Па такіх глыбокіх, зарослых зелянінай ярах бруіцца ў горад чыстае паветра. Гэта своеасаблівыя лёгкія Віцебска. А мы ўсё ніяк не навучымся цаніць і шанаваць такі цудоўны ландшафт. Непаўторны ў цэлым свеце!

Пад ляжачы камень

А некалькі гадоў таму ў нашым горадзе нават з'явіўся памятны знак у гонар Дуная. Пры рэканструкцыі плошчы перад УУС і 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадай будаўнічая кампанія «Плисса­Строй» усталявала сімвалічны камень. Адпаведная шыльда паведамляе, што тут знаходзіцца выток ручая Дунай, а значыць, наша ванд­роўка падышла да свайго завяршэння.


© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алесь БЫНЬКОЎ. Фота аўтара.