Без любові да Айчыны не бачаць свайго жыцця Віктар і Святлана Дашкевіч з Віцебска

logo
Четверг, 20.02.2020 08:17 | Рубрика: Год народного единства
02895

Святлана Мікалаеўна нара­дзілася ў старажытным мястэчку Халопенічы на Міншчыне, яе будучы муж — у Чашніцкім раёне, але дзіцячыя і юнацкія гады абодвух прайшлі на нашым памежжы — Аршаншчыне. Тут іх і сутыкнуў лёс — у гуртку самадзейнасці ў Барані, дзе дзяўчына заканчвала школу, а Віктар пасля службы ў войску працаваў на заводзе.

У сталічны тэатральна-мастацкі інстытут паступалі разам: у Віктара ўжо быў няўдалы вопыт, а Святлану іспыты чакалі ўпершыню. У выніку малады чалавек нарэш­це прайшоў камісію, а сяброўка «зрэзалася» на другім туры. Каб не губляць год, падала дакументы ў БДУ на фiлалагiчны факультэт (спецыяльнасць «Рус­кая мова і літаратура»), дзе быў конкурс паменей. Але гэта зусім не значыць, што цалкам ады­шла ад творчасці: ва ўніверсітэце таксама быў тэатральны гурток! Што ўжо казаць пра Віктара, які лічыўся адным з самых перспектыўных студэнтаў курса. Досыць ­зазначыць, што ён быў заняты ва ўсіх дып­ломных спектаклях. Неўзабаве маладыя ажанiлiся і перабраліся ў Віцебск, бо Вiктара запрасілі ў мясцовы тэатр.

Так сталася, што для Святланы Мікалаеўны не знайшлося месца па спецыяльнасцi: яе накіравалі настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў СШ № 34. І яна вельмі ўдзячная лёсу за тое, што так атрымалася. Праз пяць гадоў настаўніцкай працы ёй нарэшце ўдалося «ўз’яднацца» з мужам у родным тэатры.

Сёння Віктар Мікалаевіч, які нядаўна адзначыў свой 75-гадовы юбілей — вядучы майстар сцэны. Ён заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Не адно пакаленне гараджан, так бы мовіць, брала ў яго першыя ўрокі роднай мовы.

Святлана Мікалаеўна — загадчык трупы тэатра (муж у свой час адпрацаваў на гэтай пасадзе чвэрць стагоддзя!), таксама мае мноства ўзнагарод, сярод якіх, напрыклад, прыз Беларускага саюза тэатральных дзеячаў «Натхненне». Па яе ініцыятыве ўжо больш за 20 гадоў запар праводзіцца гарадскі конкурс «Сцэнічныя чытанні «Школьны тэатр». Прычым абавязковай умовай для ўдзельнікаў з’яўляецца тое, што ўсё павінна адбывацца на беларускай мове.

І Віктар Мікалаевіч, і Святлана Мікалаеўна звязалі сваю працоўную біяграфію з Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя Якуба Коласа, які нясе ў нашым горадзе, ды і далёка за яго межамі моцную плынь беларушчыны дзякуючы сакавітай роднай мове, якая гучыць са сцэны.

Зразумела, што яблычка ад яблынькі далёка не коціцца. Так, дачка Вікторыя — таксама вядомая ў горадзе асоба. Скончыўшы факультэт беларускай філалогіі ВДУ імя П. М. Машэрава, доўгі час працавала загадчыкам літаратурнай часткі Беларускага тэатра «Лялька». Зараз яна з’яўляецца карэспандэнтам газеты «Беларускі час» Федэрацыі прафсаюзаў Беларусi.

Малодшая дачка Ганна таксама з маленства выхоўвалася ў духу патрыятызму. Бацькі аддалі яе ў беларускамоўны клас СШ № 6 абласнога цэнтра. Скончыўшы школу, як і сястра, паступіла ў віцебскі ўніверсітэт. Пасля атрымання спецыяльнасці «Беларуская мова. Літаратурная праца ў газетах і часопісах» пэўны час працавала на радзіме, але зараз апынулася ў Санкт-Пецярбургу.

Унук Васіль, які таксама ад нараджэння чуў ад блізкіх «нашы словы», вучыцца ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па рэжысуры тэатра лялек: гены ж не перабароць! Дарэчы, як адзначае будучы лялечнік, у сталіцы беларускай мовай зараз карыстаюцца нават у моладзевым асяроддзі. Як тут не прыгадаць крыўднае «дзярэўня», якое чулі нашы бацькі, выхадцы з вёскі, калі ў іх у горадзе раптоўна прарываліся матчыны выслоўі з характэрным акцэнтам.

Усіх прадстаўнікоў роду Дашкевічаў яднае любоў да роднага слова. Гэта наша адметнасць, з якой мы мусім, кажучы словамі Купалы, заняць свой па­чэсны пасад між народамі.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Алесь БЫНЬКОЎ. Фота Алега КЛIМОВIЧА.