Спяваюць пра родныя рэчанькі...

logo
Суббота, 14.12.2019 18:01 | Рубрика: Год народного единства
01508

Зоя Рудзёнак-Кальвіш, ураджэнка вёскі Ліпава Міёрскага раёна —грамадскі беларускі дзеяч у Латвіі. У суседнюю краіну пераехала ў 1977 годзе. Шмат часу мінула, але некалькі год таму, пайшоўшы на пенсію, вырашыла набыць дачны домік паблізу ад Міёраў, у вёсцы Дворнае Сяло. Цяпер цёплыя поры года праводзіць там, а на зімоўку перабіраецца зноў у Рыгу.

Зоя Рудзёнак нарадзілася ў беларус­кай сялянскай сям’і. Музычныя здольнасці ўпітвала з малаком маці, і добры прыклад таты быў перад вачыма. Маці Крысціна добра спявала, тата Аркадзь быў скрыпач-самавучка.

Пасля школы Зоя набыла прафесію швачкі. На курсах баяністаў-масавікоў у Браслаўскай музычнай школе атрымала спецыяльнасць «Баяніст-масавік і кіраўнік мастацкай самадзейнасці». Працавала ў калгасе ва Узмёнах, арганізавала невялікі музычны гурт.

Калі выйшла замуж, узяла ­прозвішча Кальвіш. Маладая сям’я пераехала ў Міёры. Зоя ўладкавалася працаваць улікоўшчыцай на мясакамбінат. Талент, шліфаваны практыкай, спадарожнічаў Зоі ўсё жыццё! Па ўзгадненні з кіраўніц­т­вам яна арганізавала невялікі гурт з работнікаў прадпрыемства. Некалькі год ён паспяхова выступаў на аглядах мастацкай самадзейнасці.

У 1977 годзе Зоя Кальвіш з сям’ёй пераехала ў Рыгу. Скончыла планава-эканамічнае аддзяленне Рыжскага будаўнічага тэхнікума. У Латвіі нашы землякі з развалам Саюза перажывалі не лепшыя часы. Тады і нахлынула хваля згуртавання нацыянальных меншасцяў, захавання іх самабытнасці. Беларусы і іншыя іншаземцы, што хацелі застацца ў краіне, здавалі экзамен па латышскай мове, але імкну­ліся захаваць сваё, роднае. На адной з сустрэч суполкі беларусаў у Рызе Зоя Аркадзеўна пачула песні — і зашчыміла сэрца ад знаёмага матыва. Аднойчы яе запрасілі на чарговую рэпетыцыю. Развучвалі ўсё больш і больш песень. З 1989 года Зоя Кальвіш стала прымаць актыўны ўдзел у рабоце Беларускага таварыства «Прамень» у Рызе (першапачаткова — «Раніца»), з’яўлялася членам рэдкалегіі аднайменнай газеты.

Праз год пасля стварэння ансамбля беларускай песні «Надзея» першы яго кіраўнік Ніла Александровіч з’ехала на радзіму ў Беларусь. На яе месца на 17 год заступіла Зоя Кальвіш.

Самі шылі касцюмы для выступленняў. Зоя Аркадзеўна акампаніравала на баяне. Пад яе кіраўніцтвам запісаны дыск песень у выкананні ансамбля «Надзея».

За гады актыўнага ўдзелу ў жыцці таварыства «Прамень» і ансамбля «Надзея» яго кіраўніцтва, Зоя Аркадзеўна атрымалі шмат узнагарод ад міністэрстваў культуры Латвіі і Беларусі, Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Беларусі, апарата Упаўнаважанага па справах рэлігіі і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь і іншых ведамстваў.

«Надзея» выступала і выступае на многіх пляцоўках латышскіх гарадоў. Прыязджала i ў Мінск, у Міёры — на Купалле.

Зараз калектыў крыху памаладзеў, але старэйшае пакаленне не забывае. Хаця Зоя Аркадзеўна з-за паважанага ўзросту крыху скараціла ўдзел у гастролях ансамбля, цяперашні кіраўнік калекты­ву Ларыса Люцько пастаянна запрашае яе на чарговыя выступленні.

Як паведаміла кіраўнік беларускага таварыства «Прамень» у горадзе Рыга Алена Лазарава, на пачатку года рыжскія беларусы ўрачыста адсвяткавалі юбілей — 30 год існавання таварыства. На свята завіталі госці з Беларусі — танцавальны калектыў «Альянс» з Бабруйска; віншаванні прымалі ад міністэрстваў культуры Латвіі і Беларусі, Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Беларусі, апарата Упаўнаважанага па справах рэлігіі і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь, ад дзяржструктур Латвіі, ад самакіравання горада Рыгі. У таварыстве «Прамень» налічваецца 156 чалавек, у ансамблі «Надзея» —16. І сёння ў выкананні ўдзельнікаў гучаць беларускія народныя песні і песні беларускіх аўтараў, а таксама творы на словы і музыку латвійскіх беларусаў — удзельнікаў таварыства, што перакладаюць латышскія, рускія і іншыя песні на родную мову.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Вольга ВІШНЕЎСКАЯ, г. Міёры. Фота з архіва Зоі Кальвіш.