16,5 тысяч экспанатаў налiчваецца ў фондах Вiцебскага раённага гiсторыка-краязнаўчага музея

logo
Среда, 27.03.2019 17:52 | Рубрика: Год народного единства
01484

У фондах Віцебскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея, які знаходзіцца ў аграгарадку Акцябрская па вуліцы Сонечнай, 1а, налічваецца 16,5 тысячы экспанатаў, размеркаваных па 22 калекцыям.

Не памылюся, калі скажу, што гэтую дружную каманду апантаных сваёй справай і з’яднаных любоўю да малой радзімы людзей ведаюць не толькі ў аграгарадку, але і ва ўсім Віцебскім раёне і нават вобласці.

У сакавіку музей адзначыў юбілей — 15-годдзе з моманту адкрыцця. Ініцыятарам яго стварэння выступіў тагачасны начальнік аддзела культуры Юрый Осіпаў. Для фарміравання экспазіцыі быў выдзелены другі паверх невыкарыстоўваемага будынка камбіната бытавога абслугоўвання ў пасёлку. Мясцовымі сельвыканкамам, прадпрыемствамі, гаспадаркамі і арганізацыямі раёна аказвалася дапамога ў зборы матэрыялаў па гісторыі Прыдзвінскага края. Ужо ў сту­дзені 2003 года ў асноўны фонд музея паступілі першыя прадметы: значкі, брашуры, буклеты, памятныя паштовыя канверты і іншае. Праз пяць год колькасць экспанатаў асноўнага фонду ўжо перавысіла 10 тысяч адзі­нак. Першым дырэктарам быў Сяргей Канапелька, а першым экскурсаводам — Ала Букіна. У 2004-м музей
меў усяго толькі адну экспазіцыйную залу «Віцебскі раён: старонкі гісторыі».

— Сёння наш музей уключае ў сябе чатыры экспазіцыі, — распавядае малады і крэатыўны дырэктар установы Анастасія Пішчулава, якая, дарэчы, вельмі любіць вандраваць і ўжо наведала 23 краіны свету, а таксама з’яўляецца заўзятай аматаркай футбола (нават уласную калекцыю сабрала, прысвечаную гэтаму віду спорта). — Гэта зала па гісторыі раёна, выставы «Чалавек слаўны працай», «Побыт савецкай эпохі» і «Велікан з Касцюкоў». У адной з залаў заўсёды імкнемся ­ладзіць зменныя экспазіцыі.

За 2018 год музей наведалі 7777 чалавек, з іх 1295 — школьнікі і студэнты. За год установа экспанавала 69 выстаў і правяла 75 культурна­выхаваўчых мерапрыемстваў.

Вельмі цікавыя экспанаты, звязаныя з гісторыяй раёна, некаторыя з іх — гліняныя чарапкі і прылады працы — былі знойдзены пры раскопках у вёсках Баронікі, Сялюты, Мяклава і маюць тысячагадовую гісторыю. Таксама можна пабачыць самаробныя лук і стрэлы, розныя рамесныя, хатнія і сельскагаспадарчыя прыналежнасці нашых продкаў. Іншыя прадметы адлюстроўваюць нядаўняе мінулае нашай краіны — эпоху СССР, дзевяностыя гады і пачатак XXI стагоддзя. Адна з залаў распавядае пра жыццё самага высокага чалавека ў свеце — Фёдара Махнова, выхадца з вёскі Касцюкі, рост якога складаў 2 метры 85 сантыметраў.

— На жаль, адшукаць сапраўдныя рэчы, звязаныя з Фёдарам Махновым, у наш час не ўяўляецца магчымым, таму ў экспазіцыі прадстаўлены наваробы, — адзначае Анастасія. — Уражваюць як даросых, так і дзяцей бот і макет далоні, вырабленыя па абмерках канечнасцей віцебскага велікана, а таксама велізарны цыліндр, штаны і заручальны пярсцёнак. Прадстаўлены таксама макет Веліканавага хутара, створанага па ўспамінах і малюнках нашай мастачкай Наталляй Ярмолавай. Тут жа фігура Махнова ў поўны рост. Можна памерыцца і сфатаграфавацца.

Музей актыўна збірае матэрыялы па гісторыі кітайскага калгаса, які існаваў у 1928—1941 гадах ў вёсцы Маркавічы, рэчы воінаў-інтэрнацыяналістаў, звесткі пра населеныя пункты раёна і знакамітых землякоў, Вялікую Айчынную вайну.

— Усе супрацоўнікі — творчыя натуры, якія не толькі самарэалізуюцца ў свёй працы, але маюць вельмі цікавыя хобі, што дапамагаюць ім у прафесійнай дзейнасці,— зазначае Анастасія. — Так, напрыклад, старшы навуковы супрацоўнік Ганна Лісейцава цудоўна грае на гітары, а ў вольны час аб’язджае на сваім ровары ваколіцы раёна. Галоўны захавальнік фондаў Сяргей Марціновіч вось ужо колькі год займаецца этнаграфіяй і краязнаўствам. Вельмі часта вандруе па Беларусі і Расіі, з паездак абавязкова вяртаецца з цікавымі рэчамі, якія становяцца экспанатамі музея. Навуковы супрацоўнік Аляксандр Астроўскі — наш карыфей, многае зрабіў для пошуку і аднаўлення імён воінаў, што загінулі пры вызваленні Віцебскага раёна падчас Вялікай Айчыннай вайны. Ну а талент нашай мастачкі Наталлі Ярмолавай рэкламаваць не трэба, яе работы кажуць самі за сябе. Ёсць яшчэ два наглядчыкi і прыбіральшчыца, якія таксама, як і мы, «хварэюць» музейнай справай. І гэта ўжо не лечыцца (жартуе)! Мы вельмі задаволеныя складам сваёй каманды і ведаем, што поспеху можна дабіцца толькі тады, калі ўсім сэрцам любіш сваю штодзённую справу.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Святлана ЛЮБАЧКА.