«Катлеты ідуць за мілую душу»: як вядзецца харчаванне механізатараў у Шумілінскім раёне

logo
Вторник, 12.05.2020 11:44 | Рубрика: Экономика
04341

У гарачыя для сельгаспрадпрыемстваў дні, калі на палетках Шумілінскага раёна работы праводзяцца ў комплексе (ідзе ворыва, сеюць кукурузу і аднагадовыя), кожная хвіліна на ўліку.

Таму прафсаюзныя пярвічкі сельгасарганізацый клапоцяцца пра спрыяльныя ўмовы для механізатараў. Сюды адносіцца не толькі ахова працы, але і харчаванне, якое падвозяць прама на палеткі. У палявых умовах харчуюцца амаль дзвесце механізатараў раёна.

Вялікая нагрузка ў гэтыя дні кладзецца на повараў сельгаспрадпрыемства «Лаўжанскае», якія гатуюць абеды не толькі для сваіх работнікаў, але і для «АграБаравінкі», Шумілінскага райаграсэрвіса.

– Добрыя прывозяць абеды, порцыі вялікія, – расказалі механізатары «АграБаравінкі». – Асабліва падабаюцца тыя блюды, дзе многа мяса. Катлеты таксама ідуць за мілую душу.

У Мікіцісе ёсць яшчэ адна сталоўка, якая належыць індывідуальнаму прадпрымальніку Васілю Мацуганаву. Ужо не першы год повары падчас пасяўной і ўборачнай гатуюць абеды для КУСГП «Ульскі» і ААТ «Прыазёрны мір».

У СФГ «Раднік» і КУСГП «Мішневічы» ёсць уласныя сталоўкі. Адсюль таксама ў асноўным абеды адпраўляюцца ў поле. Але калі хто заходзіць у абедзенную залу, то абавязкова мые рукі з мылам ці апрацоўвае антысэптыкам. Здароўе і бяспека – перш за ўсё. На раздачы – повары ў пальчатках і масках.

Ёсць свая сталоўка і ў ААТ «Ляжні». У прыпар вясенне-летніх работ з года ў год за пліту становіцца мясцовы загадчык гаспадаркі Святлана Курносава. Калі ў мінулыя гады яна карміла толькі з дзясятак сваіх механізатараў, то сёлета прыбавіліся яшчэ столькі ж прыдзвінскіх.

– А што ў вас сёння на абед? – пытаемся ў повара.

– Расольнік, тушаная бульба з мясам, салата са свежых памідораў і кампот, – кажа Святлана Міхайлаўна. – Апетыт на полі ў мужчын адменны. І гэта зразумела – з раніцы да позняга вечара на трактары ці машыне. Каб абеды былі таннейшымі, у гаспадарцы прырэзалі бычка для сталовай. Зараз вось датушыцца бульба – і мая памочніца па кухні Ганна Козырава павязе абеды на палеткі ля Крывога Сяла, а потым пакормім і ляжнёўскіх механізатараў.

Згодна з калектыўнымі дагаворамі, зацверджанымі ў сельгасарганізацыях раёна, за абеды ў механізатараў вылічваюць не больш як 20 працэнтаў ад іх кошту.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: vitbichi.by