Чацверты год працаўнiкi мехдвара СУП «Пражэктар» задзейнiчаны на былых землях КУВСГП «Лепельскае»

logo
Суббота, 25.04.2020 08:45 | Рубрика: Экономика
03104

Чацвёрты год працаўнікі мехатрада з сельска­гаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Пражэктар» ААТ «Віцебскхлебпрам» задзейнічаны на былых землях КУВСГП «Лепельскае».

Праца ля вёскі Красналучка, што на самай мяжы Лепельскага і Чашніцкага раёнаў, на момант нашага прыезду ішла інтэнсіўна. На трактары МТЗ-920 з каменеўборшчыкам шчыраваў Аляксандр Стажык. Падрыхтоўкай зямлі займаліся трое механізатараў. На К-744 з шыроказахопным культыватарам рыхліў зямлю Аляксандр Дзёмка. Ад яго не адставаў на энерганасычаным МТЗ-3022 Міхаіл Пшонка. Гэтыя трактарысты выдавалі асноўныя плошчы. Але ж поле ля Красналучкі вельмі звілістае, на ім ёсць вымачкі, астраўкі, парос­лыя хмызняком. Вось на такіх маленькіх пятачках, дзе патрабавалася шмат разварочвацца, на невялікім МТЗ-1221 з адпаведным культыватарам шчыраваў Уладзімір Альхімовіч. Але нават утрох яны ледзьве паспявалі падрыхтоўваць глебу для двух трактараў з пасяўнымі агрэгатамі. Непасрэдна сяўбой займаліся Дзмітрый Цыганоў і Сяргей Баранаў. Магутныя трактары з шырокімі пасяўнымі агрэгатамі ўсё прыбаўлялі і прыбаўлялі гектары. Падсейваў мінеральныя ўгнаенні на трактары МТЗ-82 з раскідвальнікам Канстанцін Вайчаніс. Механізатар Алег Цярэнцьеў з дапамогай за­грузчыка дасыпаў насенне пшаніцы ў бункеры пасяўных агрэгатаў.

Работа мехатрада арганізавана такім чынам, каб да мінімуму звесці лішні расход паліва і перагоны тэхнікі, таму начуе яна на былой саўгаснай базе, пад вартай. Механізатараў зранку адвозяць ад мехдвара ў Слабадзе машынай, а вечарам, па завяршэнні працы, прывозяць дахаты.

На пытанне, як працуецца, Дзмітрый Цыганоў адказаў, што трактар яму дастаўся ад сябра, які адпрацаваў на ім некалькі гадоў, а затым перайшоў на «Кіравец». Зараз тэхніцы ўжо больш за дзесяць гадоў, але ў трактары яшчэ родны рухавік — вось што значыць тэхніка ў адных руках. Агрэгат неблагі, добра працуе. Яшчэ перад пачаткам сяўбы была праведзена наладка, выстаўлены нормы высейвання, якія кантралююцца камп'ютарам. Задача Дзмітрыя толькі кіраваць і паглядаць, каб усё працавала ў штатным рэжыме.

— Выязджаем з мехдвара а сёмай гадзіне раніцы, а дахаты вы­праўляемся а дзевятнаццатай. Так, цяжка, напружаны рытм, але як іначай? — разважае мужчына. — Не паспеем цяпер — застанемся без ураджаю летам. Харчаванне нам прывозяць на поле, дастаўляюць са сталоўкі МКК. Так што неабходныя ўмовы створаны, толькі працуй.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Васіль МАТЫРКА, фота аўтара.