У гаспадарках Сенненшчыны ў сёлетнюю ўборачную кампанію працавалі вайскоўцы

logo
Понедельник, 17.09.2018 15:50 | Рубрика: Экономика
01993

Міністэрства абароны рэгулярна аказвае дапамогу ва ўборцы ураджаю сельгасарганізацыям краіны падчас жніва, але на Сенненскай зямлі ваенныя працавалі ўпершыню. 45 чалавек з ліку вопытных ваенных вадзіцеляў, 20 шматтонных МАЗаў і “Уралаў” на працягу 50 дзён шчыравалі ў гаспадарках на адвозцы збожжа. На паўтары месяцы казармы армейцам замянілі ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс» і «Бяленева», на тэрыторыі якіх яны пражывалі. У мінулую пятніцу ўдзячныя сенненцы ўрачыста праводзілі памочнікаў ад арміі.

Ушанаванне вайскоўцаў прайшло ў райцэнтры на пляцоўцы ля Алеі Герояў з удзелам прадстаўнікоў гаспадарак, у якіх яны працавалі, і працоўных калектываў.

Звяртаючыся да ваенных са словамі шчырай удзячнасці, старшыня раённага выканаўчага камітэта Васілій Чараднік падкрэсліў, што яны былі заняты не толькі на адвозцы збожжа. Іх сіламі з палёў Сенненшчыны вывезена больш за 7000 тон рапсу, больш за 1000 тон саломы. «Вы паказалі, што наша армія моцная не толькі ў забеспячэнні абароназдольнасці краіны і ў захаванні мірнага неба над нашымі галовамі. Вы плячом да пляча адказна і добрасумленна працавалі з нашымі хлебаробамі». У знак прызнання кіраўнік раёна ўручыў каравай з мукі новага ўраджаю Сяргею Кабрынцу, начальніку цыклу тэхнічнай падрыхтоўкі 114-й школы падрыхтоўкі прапаршчыкаў і спецыялістаў харчовай службы г. Барысава, з просьбай перадаць яго Міністру абароны Рэспублікі Беларусь Андрэю Раўкову. У сваю чаргу падпалкоўнік Кабрынец падзякаваў сенненцам за такі сардэчны прыём, які, паводле яго слоў, не ў кожным раёне аказваюць, і выказаў гатоўнасць дапамагаць аграрыям і ў далейшым.

У знак павагі абаронцам Сенненшчыны ваенныя ўсклалі вянок да помніка савецкім воінам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Без духмяных караваяў не застаўся ніводны армеец. Падчас мерапрыемства кожны з іх атрымаў своеасаблівы харчовы паёк з прадукцыі мясцовага хлебазавода і каўбаснага цэха. Правіянт, дарэчы, спатрэбіцца ў няблізкім шляху. Адразу пасля мерапрыемства ваенныя расселіся па машынах, каб адправіцца ў Барысаў. Адтуль яны раз'едуцца па сваіх часцях.

Развітваючыся, дырэктар ААТ «Сінягорскае» Уладзімір Сухвал моцна паціснуў рукі часовым памочнікам у пагонах. У яго гаспадарцы шчыравалі чацвёра вайскоўцаў. «Ад відна да відна хлопцы працавалі! Пабольш бы нам такой дапамогі", — не хаваў сваёй ўдзячнасці кіраўнік сельгасарганізацыі. У сваю чаргу гаспадарка кожны дзень забяспечвала памочнікаў двухразовым харчаваннем.

Праводзілі ўзвод з музыкай і песнямі. На пляцоўцы выступілі творчыя калектывы раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і раённага цэнтра дзяцей і моладзі.

На здымках: каравай для міністра прымае Сяргей Кабрынец; сухпайкі для вайскоўцаў; Уладзімір Сухвал паціскае руку вайскоўцу; у добры шлях; выступае дзіцячы калектыў РДЦіМ.


© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Вольга БАНДАРЭВІЧ. Фота аўтара.