“Дажынкі – 2021”: да верасня адзін з галоўных аб’ектаў – Шумілінскі раённы цэнтр культуры – будзе ўведзены ў строй

logo
Вторник, 29.06.2021 10:26 | Рубрика: Экономика
02604
Кіпіць работа на адным з самых важных аб’ектаў – Шумілінскім раённым цэнтры культуры.


Як паведаміў старшы майстар Шумілінскай ПМК-70 Арцём Скрыпкін, штодзень тут працуе каля трыццаці чалавек. Разам са спецыялістамі шумілінскага будаўнічага прадпрыемства, якое выступае генеральным падрадчыкам, тут знайшлі работу спецыялісты «Вітбудгруп» і іншых віцебскіх арганізацый – яны ўстанаўліваюць вентыляцыю, пажарную сігналізацыю, выконваюць іншыя спецыялізаваныя работы.
На тэрыторыі завяршаецца ўкладка пліткі на дарожках, засталося пабудаваць галоўны падыход, устанавіць лавачкі, свяцільнікі і сметніцы. Перад будынкам з’явіцца скульптурная кампазіцыя. Створаны зялёныя зоны, пасеяна газонная трава.
Падыходзяць да завяршэння фасадныя работы, у бліжэйшы час будуць пафарбаваны атынкаваныя элементы будынка і завяршыцца рэканструкцыя ўваходнай групы: на казырку з’явіцца металапрофіль, заказаны новыя ўваходныя дзверы.
Разам са старшым майстрам заходзім унутр. Тут ужо акрэслены гардэроб, практычна закончаны санвузлы. У фае па падлозе пакладзена плітка, на сценах, кажа майстар, будзе дэкаратыўная атынкоўка «караед», столь зробяць з гіпсакардону, у гардэробе – армстронг.
– Якой будзе адноўленая зала для гледачоў?
– Ніякіх прынцыповых змяненняў не будзе, – гаворыць майстар, – сцэна па памерах засталася такой жа, у глядацкай зале, як бачыце, ужо зроблена бетонная аснова для будучай драўлянай падлогі, сцены і столь будуць падшыты шумапаглынальнымі панэлямі.
У зале будзе 212 сядзячых месцаў, плюс 20 – на балконе. Па патрабаваннях пажарнай службы зрабілі трэці выхад з глядацкай залы і яшчэ адзін – са сцэны.
– Але ж застаецца вельмі складаны працаёмкі аб’ём работ па ўстаноўцы спецыяльнага абсталявання. Хто гэтым будзе займацца? Ці паспееце да верасня?
– Наша ПМК як генпадрадчык і займаецца. Праект ужо прайшоў экспертызу, зараз ідзе закупка абсталявання, для яго мантажу будзем наймаць субпадрадчыкаў. Упэўнены, да верасня справімся.
– Як з фінансамі?
– Фінансаванне ідзе без затрымак. З сакавіка бягучага года на гэтым аб’екце асвоена 875 тысяч рублёў, а з пачатку рэканструкцыі (з 2017 года) – 1607 тысяч. Па плане ж увесь аб’ём работ ацэнены ў 2280 тысяч рублёў.
На другім паверсе работы падыходзяць да завяршэння. На калідоры пакладзена плітка на падлогу, зроблена падвясная столь, атынкаваны сцены, ідзе афарбоўка сцен у кабінетах, для якіх закуплены ламінат і драўляныя дзверы. Наогул, у будынку цалкам завершаны мантаж радыятараў целазабеспячэння, сістэм водазабеспячэння, каналізацыі, асвятлення. Таму, будзем спадзявацца, работнікі культуры ў хуткім часе справяць наваселле.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталья ЧЕРНИЧЕНКО.