Пётр Яфімавіч Дарошчанка, чырвонаармеец 1134-га стралковага палка

logo
Вторник, 30.04.2019 11:59 | Рубрика: Беларусь помнит
01115

У лютым 1945 года ў 1134-ы стралковы полк 338-ай стралковай дывізіі 39-ай арміі 3-га Беларускага фронту, які знаходзіўся ва Усходняй Прусіі, прыбыў мой дзядуля Пётр Дарошчанка. Там і сустрэў перамогу над Германіяй.

Яго часць знаходзілася каля горада Істэнбург (цяпер Чарняхоўск, Калінінградскай вобласці Расіі). Ладзіліся каравульная служба, ішлі вучэбныя заняткі з байцамі. У канцы мая былі пабудаваны макеты чыгуначнай платформы і вагонаў і пачаліся штодзённыя трэніроўкі пагрузкі гужавога і аўтатранспарту, коней, узбраення, фуражу.

1 чэрвеня 1945 года полк пагрузіўся ў чыгуначныя саставы і адправіўся праз увесь Савецкі Саюз у Манголію, на станцыю Байн-Тумен (цяпер горад Чойбалсан). З 4 па 13 ліпеня полк здзейсніў 300-кіламятровы марш па складанай пустыннай мясцовасці. З 9 жніўня па 2 верасня 1945 года ў складзе часцей Забайкальскага фронту дзед браў удзел у Манчжурскай наступальнай аперацыі супраць японскай Квантунскай арміі. Заканчэнне Другой сусветнай вайны Пётр Дарошчанка сустрэў каля кітайскага горада Ляоян. Загадам камандзіра 1134-га стралковага палка №27 ад 16 верасня 1945 года «за тое, што падчас наступлення на тэрыторыі Манчжурыі паказаў сябе як дысцыплінаваны і вынослівы баец, выконваў дакладна ўсе загады» П. Я. Дарошчанка быў узнагароджаны медалём «За адвагу».

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА.