Моўны кейс ад vitbichi.by: якія прозвішчы скланяюцца, а якія - не

logo
Среда, 07.09.2022 14:22 | Рубрика: Мнения
01415
Не ўсе з нас гатовы ўспрымаць беларускі варыянт свайго прозвішча, асабліва яго формы. Хаця, трэба прызнаць, што ў тэорыі і практыцы падачы прозвішчаў ёсць шэраг спрэчных пытанняў.


Справа ў тым, што напісанне склонавых канчаткаў прозвішчаў рэгламентавалася ў «Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» аж у 1959-м годзе. Відавочна, што даўно наспела неабходнасць удакладнення гэтых нормаў. Тым не менш, сёння мы павінны падпарадкоўвацца правілам, якія не былі адменены і дзейнічаюць, паколькі ў новай рэдакцыі беларускага правапісу 2008 года адсутнічае раздзел, прысвечаны скланенню ўласных імёнаў.

Прозвішчы, якія паходзяць ад назваў прадметаў жаночага роду з асновай на -г, -к, -х і маюць ненаціскны канчатак -а, набываюць склонавыя канчаткі ў залежнасці ад полу асобы. Жаночыя прозвішчы скланяюцца, як адпаведныя назоўнікі жаночага роду першага скланення з адпаведнай асновай, мужчынскія – як рознаскланяльныя назоўнікі мужчынскага роду з адпаведнай асновай (давальны: Анастасіі Грэчцы, Мікалаю Грэчку; творны: Анастасіяй Грэчкай, Мікалаем Грэчкам).

Прозвішчы, якія паходзяць ад назваў прадметаў жаночага роду на -а (апроч прозвішчаў на г, к, х з ненаціскным канчаткам -а), скланяюцца незалежна ад полу асобы, як назоўнікі жаночага роду з адпаведным тыпам асновы (давальны: Андрэю (Марыі) Сініцы, творны: Андрэем (Марыяй) Сініцай).

Прозвішчы з націскным канчаткам -а (-я) тыпу Крапіва, Вярба скланяюцца, як назоўнікі агульнага роду тыпу «сірата» (давальны: Веры (Лёню) Вярбе, творны: Верай (Лёнем) Вярбой).

Сярод прозвішчаў на ненаціскныя -а, -я, што не суадносяцца з назвамі канкрэтных прадметаў, скланяюцца толькі тыя, якія абазначаюць асоб мужчынскага полу (давальны: Лазуку Анатолю, творны: Лазукам Анатолем; давальны: Лазука Ганне, творны Лазука Ганнай).

Мужчынскія і жаночыя прозвішчы на –аў (-ав), -еў (-ев), -оў (-ов), -ёў (-ёв), -ін, -ын маюць змешаны тып скланення.

Не скланяюцца: прозвішчы на націскны галосны: Крыўко, Масько; прозвішчы на -ых (-іх): Мялкіх, Чарных; жаночыя прозвішчы, якія заканчваюцца на зычны: Догель, Касцюк, Коўзан, Нячай, Сцепанец; жаночыя прозвішчы з ненаціскным канчаткам -а, -я, якія не суадносяцца з назвамі прадметаў: Батура, Лазука, Бандарэнка.

Як бачым, для таго, каб не памыліцца, трэба ведаць, напрыклад, ці суадносіцца прозвішча з назвамі прадметаў. На першы погляд, паміж прозвішчамі Саладуха і Васёха няма розніцы, у тым сэнсе, што мы можам лёгка праскланяць іх па адным тыпе. Але, заглянуўшы ў тлумачальны слоўнік, мы даведаемся, што саладуха – гэта салодкая страва з густазаваранай жытняй мукі. Слова ж «васёха» не суадносіцца з назвай прадмета. А гэта мае прынцыповае значэнне, калі мы збіраемся скланяць гэтыя прозвішчы. Атрымліваецца: родны: Наталлі Саладухі, Наталлі Васёха; давальны: Наталлі Саладусе, Наталлі Васёха і гэтак далей.
Існуюць і іншыя супярэчнасці, а хацелася б, каб напісанне прозвішчаў было строга рэгламентавана і не выклікала пытанняў.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНИЧЭНКА