Останки 9 бойцов РККА, погибших в боях возле деревни Николаево Витебской области в 1941 году, перезахоронили на воинском кладбище у деревни Тропино

Четверг, 20.08.2015 11:40 | Рубрика: Патриотическое воспитание
03559
DSC_0759У пятніцу, 14 жніўня, на воінскіх могілках у вёсцы Тропіна апошні свой прытулак знайшлі дзевяць воінаў Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі, якія загінулі ў ліпені 1941 года. Імёны чацвярых з іх вядомы — гэта чырвонаармейцы Ілья Казакоў, Іван Коп’еў, Нурмухамед Алтынгужыеў і Сямён Анянаў.

Колькі іх яшчэ ляжыць у нашай зямлі? Невядомых абаронцаў 1941 года. Тых, хто сваім жыццём бараніў вялікую Радзіму ад ворага, хто сарваў планы «маланкавай вайны», хто даў магчымасць правесці эвакуацыю людзей і прадпрыемстваў, падрыхтаваць абарону ў глыбіні краіны.

Пра іх, за рэдкім выключэннем, раней не прынята было гаварыць, але менавіта яны пачалі каваць Вялі­кую Перамогу 1945 года.

Вайна не хоча вяртаць нам імёны і лёсы загінуўшых салдат. А час няўмольна знішчае сляды былых баёў. Яны аддалі свае жыцці за нас, за нашу будучыню, за нашу свабоду. Таму нам, жывым, трэба ведаць іх імёны.

— 492 імя воінаў, якія раней лічыліся невядомымі, устаноўлены за апошнія гады, і работа ў рамках праекта «Не было безыменных салдат» працягваецца, — гаварыла ў сваім выступленні старшыня раённага Савета дэпутатаў І.Новікава. — У гэтым святым месцы мы ўспамінаем салдат, чый подзвіг немагчыма змерыць нічым. Нам, нашым нашчадкам трэба раўняцца на іх і быць дастойнымі дзядоў і пра­дзедаў. І няхай ніколі нашы дзеці і ўнукі не зведаюць жахаў вайны.

Словы пашаны воінам, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны выказвалі ўсе выступаючыя. Са слязамі на вачах прачытала верш, прысвечаны загінуўшым воінам, васьмігадовая Антаніна Васёха. Кароткую службу за спачын душы загінуўшых воінаў правёў благачынны цэркваў Шумілінскай акругі протаіерэй Фёдар Пучынскі. Пад гукі Дзяржаўнага гімна Беларусі і стрэлы воінскага салюту астанкі салдат былі аддадзены зямлі. Да магілы кладуцца вянкі і кветкі ад прадстаўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў раёна, грамадскасці, мясцовых жыхароў. Аддаючы апош­ні доўг сваім папярэднікам, прайшлі ўрачыстым маршам цяперашнія байцы Узброеных Сіл нашай краіны.

DSC_0742А пачалася гісторыя ў канцы красавіка гэтага года, калі жыхар аграгарадка Кардон Віталь Васёха разам са сваёй дачкой Антанінай (на здымку) хадзілі з металашукальнікам па наваколлях вёскі Мікалаева. На адным з агародаў прылада падала сігнал. На невялікай глыбіні былі знойдзены каска і чалавечыя косці. «Я цікаўлюся гісторыяй і ўжо па касцы зразумеў, што гэта астанкі савецкіх салдат. А калі трапіўся медальён, то ўзрадаваўся ўдвая — можна ўстанавіць імёны загінуўшых, — расказаў Віталь Васёха. — Я даставаў астанкі з зямлі, а дачушка дапамагала адносіць і складваць іх на краі агарода».

Віталь звязаўся з 52-м спецбатальёнам. Калі воіны-пошукавікі прыехалі, ён паказаў яшчэ адно месца, адкуль раней пра­гнаў «чорных капальнікаў». Там былі знойдзены астанкі яшчэ пяці чалавек.

Байцы 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна ў ходзе палявых работ у раёне вёскі Мікалаева знайшлі астанкі 9 воінаў Рабоча-Сялян­скай Чырвонай Арміі, якія загінулі ў 1941 годзе. З астанкамі былі знойдзены чатыры салдацкія капсулы-медальёны.

Дарэчы, Віталь выказаў і сваю версію гібелі салдат — хутчэй за ўсё іх забіла, калі яны рыхтаваліся да бою ці змагаліся з ворагам. Забіла адным снарадам, бо яны ляжалі выпадкова, былі ў касках, на поясе замацаваны гранаты. Непадалёк былі знойдзены артылерыйскія снарады. Дарэчы, Іван Коп’еў — артылерыст.

DSC_0782Яшчэ чатыры імёны з’явіліся на воінскіх могілках, сваякі чатырох байцоў нарэшце даведаліся пра апошняе месца супакою сваіх дзядоў і могуць прыехаць да роднай магілы. А мы будзем памятаць іх імёны і шанаваць подзвіг герояў.

Наталля ЧАРНІЧЭНКА, Шуміліна.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Обновить Защита от автоматических сообщений