Амаль 50 спартыўных выданняў сабрала выстава “Футбол – не толькі гульня” у Мазалаўскім доме культуры

logo
Вторник, 09.07.2019 15:38 | Рубрика: Спорт
01631

У файе Мазалаўскага сельскага дома культуры праходзіць выстава выданняў пра футбол, што прадстаўлена з архіва мясцовага жыхара Яўгена Паварэхі, для якога дадзены від спорта – азарт і адпачынак.

Урачыстае адкрыццё выставы адбылося напрыканцы чэрвеня і было прымеркавана да 65-годдзя з дня нараджэння Яўгена Пятровіча. А ідэя правядзення такой выставы прыйшла мясцовым культработнікам падчас гаворкі з яго дачкой Алесяй Бекішавай, што працуе выхавацелем у мясцовым дзіцячым садку.

На выставе змешчаны газеты, часопісы, кнігі, буклеты з 1963 года пра любімую народную гульню – амаль 50 выданняў (а хатні архіў налічвае больш за 2000 розных выданняў), з якіх можна даведацца пра вынікі вялікіх матчаў і разабрацца ў футбольнай тэрміналогіі, а таксама дазнацца аб спартыўнай біяграфіі футбалістаў.

Зацікавіўся футболам Яўген Паварэха яшчэ ў школьныя гады, калі і стаў калекцыяніраваць матэрыялы. Сваім прыкладам Яўген Пятровіч прывіў любоў да скуранога мяча пляменніку Андрэю, з якім разам наведвае футбольныя матчы і шмат гадоў падтрымлівае каманды футбольных клубаў “Віцебск” і “Арсенал” (Англія).

Прыхільнікі футбола, як гульні нумар адзін, могуць наведаць выставу да канца ліпеня. 

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Андрэй Струнчанка.