Новую биатлонную базу для подготовки молодых спортсменов открыли в Сенно

logo
Понедельник, 19.02.2018 19:00 | Рубрика: Спорт
04344

Напрыканцы мінулага тыдня выхаванцы аддзялення біятлона Сенненскай спецыялізаванай дзіцяча­юнацкай школы алімпійскага рэзерву і іх трэнеры справілі наваселле. Дата 15 лютага 2018 года ў спартыўным календары Сенненшчыны з гэтай нагоды цяпер пазначана чырвоным колерам. У гэты дзень у Сянне адкрылася біятлонная база.

Новы спартыўны комплекс размясціўся на базе былога кандытарскага цэха, што на вуліцы Чырвонага Каст­рычніка. І гэта невыпадкова. Ад яго да галоўнай трэніровачнай пляцоўкі юных біятланістаў — парка імя 40-­годдзя Перамогі — сотня метраў. З улікам праектных работ рэканструкцыя заняла пяць гадоў. Аб’ём укладзеных з розных крыніц фінансавання сродкаў склаў больш за 521 тысячу рублёў. Новы комплекс уключае цір даўжынёй 25 метраў, спартыўную залу, саўну з саляным пакоем, душавыя, раз­дзявалкі, трэнерскую, пакой для зброi.

На цырымоніі адкрыцця базы прысутнічалі прадстаўнікі раённых і абласных органаў улады, Беларускай федэрацыі біятлона, мясцовыя жыхары, выхаванцы СДЮШАР.

Сімвалічны ключ ад дома біятлона дырэктару спартшколы Анаталію Гарнаку ўручыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў. Віншуючы прысутных з гэтай падзеяй, ён адзначыў, што рашэнне стварыць у Сянне сучасную біятлонную базу было прынята невыпадкова і звязана з высокім узроўнем падрыхтоўкі юных спартсменаў, які з году ў год дэманструе СДЮШАР, а таксама з наяўнасцю трэнерскага складу высокага класа. Кіраўнік аблсавета паабяцаў на гэтым не спыняцца, наступным аб’ектам для абнаўлення стане лыжаролерная траса ў парку 40-­годдзя Перамогі. Уладзімір Цярэнцьеў таксама выказаў спадзяванні, што са сцен новага комплексу выйдзе нямала будучых чэмпіёнаў, якімі мы будзем ганарыцца.

Для спорту на Сенненшчыне добрыя перс­пектывы. Як падкрэсліў старшыня райвыканкама Васілій Чараднік, за апошнія гады ў раёне абнавіліся і з’явіліся шматлікія спартыўныя аб’екты: у 2013­-м — зала грэка­рымскай барацьбы, у 2016-­м падарункам жыхарам райцэнтра да абласных «Дажынак» стаў адрэстаўрыраваны фізкультурна­спартыўны комплекс. Усе гэтыя аб’екты не пустуюць, у здаровага ладу жыцця на Сенненшчыне з’яўляецца ўсё больш прыхільнікаў. Васілій Чараднік падзякаваў абласной уладзе, Беларус­кай федэрацыі біятлона за матэрыяльную дапамогу ў правядзенні рэканструкцыі спарткомплексу. Падарункам на наваселле сенненскім біятланістам ад кіраўніка раёна стаў сучасны тэлевізар, па якім выхаванцы і трэнеры цяпер могуць глядзець спаборніцтвы і хварэць за сваіх землякоў.

Біятлон — адзін з тых відаў спорту, у якім традыцыйна моцныя ўраджэнцы нашага раёна. Дастаткова ўзгадаць імя Пятра Івашкі, трохразовага чэмпіёна свету. Сёння ў нацыянальныя зборныя ўключаны чатыры выпускнікі Сенненскай ­СДЮШАР. Адна з іх, Ірына Крыўко, у гэтыя дні прадстаўляе Беларусь на Алімпіядзе ў Пхёнчхане. У апошні свой візіт на малую радзіму наша зямлячка наведала біятлонную базу і парадавалася за сённяшніх выхаванцаў аддзялення. А на цырымоніі адкрыцця прысутнічала маці Ірыны, Людміла Крыўко, якая выказала словы падзякі за выдатны спартыўны аб’ект прадстаўнікам органаў улады.

Пасля пераразання чырвонай стужкі прысутныя маглі агледзець памяшканні базы. Нягледзячы на ўрачысты момант, у гэты дзень у юных біятланістаў ішлі трэніроўкі. Пакуль адны адпрацоўвалі стральбу ў новым ціры, другія спаборнічалі ў лыжным бегу на трасе ў парку 40­-годдзя Перамогі. Сёння ў аддзяленні біятлона ­займаюцца больш за 90 дзяцей, заняткі праводзяць Аляксандр Окунь, Мікалай Барадзін і Валерый Лектараў. Апошні — адзін з самых вопытных і рэзультатыўных трэнераў, на ліку якога цэлая плеяда вядомых у прафесійным спартыўным свеце біятланістаў, сярод яго выхаванцаў — брат і сястра Крыўко.

Імёны сенненцаў — прызёраў і чэмпіёнаў еўрапейскіх і сусветных спаборніц­т­ваў — пазначаны на вялікім стэндзе, што сустракае юных спартсменаў на ўвахо­дзе ў новы комплекс, побач з імі свабоднае месца для будучай зоркі біятлона, якая дзякуючы сучаснай біятлоннай базе абавязкова ўзыдзе на небасхіле спартыўнай славы Сенненшчыны і нашай краіны.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Вольга БАНДАРЭВІЧ. Фота аўтара.