На VI Паўночна-Заходняй канферэнцыі РКП(б) была прынята рэзалюцыя пра абвяшчэнне самастойнай БССР

logo
Суббота, 05.01.2019 08:59 | Рубрика: Официально
05295

Напрыканцы 1918 года ідэю стварэння Беларускай савецкай дзяржавы актыўна падтрымлівалі палітычныя партыі і арганізацыі Беларусі, якія стаялі на савецкай платформе. Яны выступалі за ўтварэнне аўтаномнай Беларусі ў складзе РСФСР.

Дэманстрацыя ў Віцебску на вуліцы Смаленскай у 1918 годзе.

Канчаткова справа была вырашана толькі пасля таго, як, відавочна, пад уплывам У. Леніна 24 снежня 1918 года ЦК РКП(б) прыняў рашэнне абвясціць незалежную БССР. На такі кардынальны пера­гляд пазіцый па «беларускаму» пытанню (не аўтаномія, а незалежнасць) цэнтральныя органы ўлады пайшлі пад уплывам унутры- і знешне­палітычных фактараў.

Пасля таго як ЦК РКП(б) прыняў адпаведнае рашэнне наконт стварэння Беларускай рэспублікі, 27 снежня 1918 года Наркамнац выдаў пастанову «Аб практычных мерапрыемствах па ўтварэнню БССР».

Нарэшце 30 снежня 1918 го­да на VI Паўночна-Заходняй канферэнцыі РКП(б) была прынята рэзалюцыя пра абвяшчэнне самастойнай «социалистической республики Белоруссии из территорий Минской, Гродненской, Витебской, Могилевской и Смоленской губерний».

Мэтамі ўмацавання буфернага блоку на савецка-польскім памежжы было прадыктавана рашэнне партыі аб'яднаць савецкія рэспублікі Беларусі і Літвы ў ЛітБелССР. У выніку 3 лютага 1919 года на І Усебеларускім з'ездзе Саветаў, а 17 лютага 1919 года на І з'ездзе Саветаў Літвы былі прыняты адпаведныя дэкларацыі, пасля чаго 27 лютага 1919 года адбылося афіцыйнае аб'яднанне дзвюх савецкіх рэспублік. З гэтага часу БССР як сама­стойная дзяржава юрыдычна перастала існаваць, ды і ЛітБелССР, акупіраваная польскімі войскамі, ужо з лета 1919 года з'яўлялася хутчэй фармальным утварэннем.

На трыбуне Сямён Крылоў, адзін з арганізатараў савецкай улады на Віцебшчыне.

Пасля вызвалення Беларусі ад польскіх інтэрвентаў 31 ліпеня 1920 года адбылося паўторнае абвяшчэнне БССР. Як бачна, курс бальшавікоў, накіраваны на стварэнне ў нацыянальных рэгіёнах Расіі савецкіх дзяржаў, на момант завяршэння грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі заставаўся нязменным. Адначасова паміж савецкімі рэспублікамі заключаліся ваенна-палітычныя і эканамічныя пагадненні, праводзілася падрыхтоўчая работа па стварэнню саюзнай дзяржавы.

Такім чынам, «дыялектыка» Леніна па нацыяналь­на-дзяржаўнаму пытанню ў часы грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі была заклікана дагадзіць як нацыя­нальным памкненням у барацьбе за незалежнасць, так і камуністычным мэтам ін­тэграцыі. На дадзеным этапе бальшавікі вырашылі стварыць у якасці пераходнай формы да цэнтралізаванай дзяржавы незалежныя ў савецкім (але не партыйным) плане нацыянальныя рэспублікі.

Ленін меркаваў эвалюцыйным шляхам дасягнуць камуністычнай інтэграцыі нерускіх супольнасцей у адзі­ную нацыю з рускім народам. Сталін жадаў дамагчыся таго ж самага, але шляхам артадаксальным — праз прымус, а не перакананне. У рэшце рэшт толькі аўтарытэт Леніна не дазволіў рэа­лізавацца сталінскай ідэі аўтанамізацыі, і будаўніцтва саюзнай дзяржавы пачало здзяйсняцца ў адпаведнасці з прынцыпамі федэралізму.

Пытанне пра стварэнне СССР абмяркоўвалася на IV Усебеларускім з'ездзе Саветаў у снежні 1922 года. На з'ездзе было прынята рашэнне пра ўваходжанне БССР на роўных правах з іншымі рэспублікамі ў склад саюзнай дзяржавы. 29 снежня 1922 года адбылася канферэнцыя паўнамоцных дэлегацый, абраных з'ездамі Саветаў РСФСР, БССР, УССР і ЗСФСР. Тут быў зацверджаны праект Дэкларацыі саюзнага дагавора, які выносіўся на абмеркаванне І Усесаюзнага з'езда Саветаў.

30 снежня 1922 года ў час работы Усесаюзнага з'езда беларуская дэлегацыя падпісала дагавор пра ўтварэнне СССР. Фармальна ажыццявілася ленінская ідэя добраахвотнага саюза раўна­праўных рэспублік. БССР захавала не толькі суверэнітэт у рамках саюзнай дзяржавы, але і права свабоднага выхаду з гэтай краіны.

Уступленне БССР у склад Саюза ССР вызначыла новы этап у гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Стратэгічныя паўнамоцтвы знешняй палітыкі, гандлю, фінансаў, стварэння ўзброеных сіл, шляхоў зносін і сувязі былі перада­дзены цэнтральным органам Саюза, што вяло да абмежавання незалежнасці рэспублікі. Адносіны паміж БССР і федэратыўным цэнтрам усё больш набывалі характар падпарадкаванасці, залежнасці ад саюзных партыйных і дзяржаўных органаў. Немагчымасць самастойна вырашаць пытанні сацыяльна-палітычнага, эканамічнага і культурнага развіцця, дыктат цэнтра вызначылі дэкларатыўнасць суверэнітэту БССР, як і іншых рэспублік, што ўтварылі СССР.

На ХІІ з'ездзе РКП(б) бальшавікамі быў узяты курс на ўстанаўленне раўнапраўных адносін паміж саюзнымі рэспублікамі, іх эканамічнае і культурнае развіццё. З гэтай прычыны ў першай палове 1920-х гадоў у рамках мерапрыемстваў па нацыянальна-дзяржаўнаму будаўніцтву было вырашана пытанне пра пашырэнне тэрыторыі Беларускай рэспублікі. Безумоўна, экана­мічнае развіццё БССР прама залежала ад яе гаспадарчых магчымасцяў і матэрыяльных рэсурсаў. Аднак у пачатку 1920-х гадоў яшчэ не было перадумоў для эфектыўнага развіцця гаспадарчага комплексу Беларусі, эканамічныя сувязі з Віцеб­шчынай, Гомельшчынай і Магілёўшчынай былі парушаны, бо гэтыя тэрыторыі ўваходзілі ў склад РСФСР, а Беларуская рэспубліка складалася толькі з шасці паветаў былой Мінскай губерні. У сувязі з тым, што беларусы знаходзіліся ў складзе розных дзяржаўных утварэн­няў, нельга было разлічваць і на развіццё нацыянальнай культуры ўсяго народа. З гэтай прычыны ўжо ў сакавіку 1923 года на ХІІ Усебеларускай канферэнцыі была прынята рэзалюцыя, дзе адзначалася, што «хутка адрадзіць Савецкую Беларусь можна толькі: уключыўшы ў тэрыторыю Беларусі родныя ёй суседнія раёны, прыцягнуўшы шырокія пласты працоўных беларусаў да савецкага культурнага будаўніцтва».

З улікам эканамічнага і нацыянальнага фактараў, пажаданняў кіраўніцтва Савецкай Беларусі ў маі 1923 года ЦК РКП(б) разгледзеў пытанне пра пашырэнне межаў Савецкай Беларусі і даў згоду на ўзбуйненне тэрыторыі БССР за кошт сумежных раёнаў, дзе пражывала пераважна беларускае насель­ніцт­ва. У выніку паміж Цэнтральнымі Выканаўчымі Ка­мі­тэтамі РСФСР і БССР было заключана пагадненне, на падставе якога ў сакавіку 1924 года да Беларусі адышлі 15 паветаў і асобныя воласці Віцебскай, Гомель­скай і Смаленскай губерняў. Усебеларускі з'езд Саветаў (сакавік 1924 года) і VІІІ з'езд КП(б)Б віталі гэты акт гістарычнай справядлівасці.

Безумоўна, такія мера­прыемствы партыі і ўрада можна расцаніць як дэманстрацыю павагі да нацыянальных правоў беларусаў. Гэта рабілася ўжо не толькі для таго, каб стварыць добрае ўражанне пра палітыку бальшавікоў на міжнароднай арэне, такі курс меў задачу лік­відаваць усе тэрытарыяльныя непаразуменні паміж саюзнымі рэспублікамі, ства­рыць умовы для фарміравання добразычлівых адносін паміж грамадзянамі савецкай дзяржавы.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Аляксандр ДЗЯДЗІНКІН, кандыдат гістарычных навук дацэнт. Фота прадастаўлена Дзяржаўным архівам Віцебскай вобласці.