У Шумілінскім раёне калекцыянер знайшоў на агародзе медаль «За труды по первой всеобщей переписи населения», датаваны 1897 годам

Среда, 16.10.2019 09:02 | Рубрика: Перепись населения-2019
0512

Нагодай для тэрміновай творчай камандзіроўкі ў вёску Навікі Шумілінскага раёна стаў інтрыгуючы званок мясцовага жыхара Анатоля Красіцкага. Анатоль Васільевіч – заўзяты калекцыянер. Вось-вось належным чынам аформіць вялікую (наколькі вялікую – і сам не бярэцца сказаць) калекцыю значкоў. Не можа раўнадушна прайсці міма рарытэтаў беларускага побыту. У двары – сапраўдная этнаграфічная экспазіцыя, дзе размясціліся прас, калаўрот, рубель і іншыя аўтэнтычныя рэчы. Цікавіцца мужчына біяграфіяй свайго роду, гісторыяй родных мясцін. І наогул, нераўнадушны да ўсяго, што адбываецца вакол.

А журналіста паклікаў, каб паказаць знаходку, звязаную з галоўнай кампаніяй, што ладзіцца зараз у краіне – перапісам насельніцтва. Справа ў тым, што ў рукі калекцыянера трапіў медаль «За труды по первой всеобщей переписи населения», датаваны 1897 годам. Вось такое прывітанне з мінулага. Артэфакт быў знойдзены пры гаспадарчых работах. Яшчэ Анатоль Васільевіч захоўвае значок удзельніка перапісу, які ладзіўся ў 2009 годзе. Тады ў кампаніі ўдзельнічаў сын Аляксандр. Есць у калекцыі і аналагічны значок за 1989 год.

Наогул, Анатоль Васільевіч да перапісной кампаніі ставіцца надзвычай сур’ёзна. Кажа, што праз інтэрнэт запаўняць перапісныя лісты не будзе – чакае перапісчыкаў на дом.

– Усё павінна быць так, як 10, 20 і нават 100 гадоў таму, – упэўнены мужчына.

Медаль «За труды по первой переписи населения» быў заснаваны ў 1896 годзе па ўказу імператара Мікалая II і прызначаўся для ўзнагароджання асоб, якія бясплатна працавалі лічыльнікамі і арганізатарамі першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі ў 1897 годзе. Права вызначаць асоб на ўзнагароду было дадзена міністру ўнутраных спраў Івану Гарамыкіну.

Медаль зроблены з цёмнай бронзы. На адным баку – выява вензеля Мікалая II пад імператарскай каронай, акружаная вянком з двух лаўровых галінак і надпісам «Первая всеобщая перепись населения», на другім баку – надпіс «За труды по первой всеобщей переписи населения 1897». Упершыню для медаля была выкарыстана бела-сіня-чырвоная стужка. Гэта колеры нацыянальнага сцяга Расійскай імперыі, зацверджанага ў 1896 годзе напярэдадні каранацыі Мікалая II. Асноўны тыраж медаля (95 тысяч) быў зроблены на Санкт-Пецярбургскім манетным двары. Дазвалялася вырабляць яго і прыватным майстрам па індывідуальных заказах – са светлай ці цёмнай бронзы, срэбра.

Сярод вядомых дзеячаў культуры і гісторыі, узнагароджаных медалём, можна назваць пісьменніка А. Чэхава, падарожніка П. Сямёнава-Цян-Шанскага, маскоўскага губернатара, дзядзьку імператара, Вялікага Князя Сяргея Аляксандравіча, урача і гісторыка М. Гурвіча, апошняга віцебскага віцэ-губернатара барона А. фон-Розена, маёнткі якога знаходзіліся на тэрыторыі Шуміліншчыны.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года першы перапіс адбыўся ў 1920 годзе, але ён не лічыцца ўсеагульным, бо ў той час правесці яго на ўсёй тэрыторыі Расіі не было магчымасці. Першы Усесаюзны перапіс насельніцтва ў СССР, што ўключаў 14 пытанняў, прайшоў 17 снежня 1926 года. 6 студзеня 1937 года – другі. Але яго вынікі не задаволілі савецкае і партыйнае кіраўніцтва: перапіс паказаў, што насельніцтва СССР складае 164 мільёна чалавек (чакалася больш за 168 мільёнаў), а таксама тое, што 50 працэнтаў гараджан і 70 працэнтаў вяскоўцаў назвалі сябе веруючымі. Арганізатары перапісу былі рэпрэсіраваны, яе дадзеныя засакрэчаны.

17 студзеня 1939 года быў праведзены новы Усесаюзны перапіс насельніцтва, згодна з якім колькасць насельніцтва краіны склала больш за 170 мільёнаў.

Першы пасляваенны перапіс быў праведзены ў 1959 годзе і паказаў 208,8 мільёна чалавек. У далейшым перапісы ў СССР праводзіліся ў студзені 1970 і 1979 гадоў. Апошні Усесаюзны перапіс насельніцтва прайшоў у студзені 1989 года.

У незалежнай Беларусі першы перапіс быў арганізаваны ў 1999 годзе, другі – у 2009-м.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА. Фота аўтара.
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Обновить Защита от автоматических сообщений