Ни рыбу, ни мясо. Журналист «Витьбичей» на две недели стал вегетарианцем

Вторник, 11.04.2017 10:45 | Рубрика: Здоровье
0192

Эксперымент перастаць ужываць, як напісаў беларускі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч – ежу з разплюшчанымі вачыма, я задумваў даўно, але пачатак Вялікага посту стаў выдатнай нагодай для яго рэалізацыі. Дадатковым імпульсам стала тое, што мая жонка вегетарыянка, таму захацелся адчуць на сваёй скуры, дакладней – страўніку, наколькі цяжка ці проста ім быць. Акрамя таго, пачалася вясна, а хутка надыдзе і лета – самы час, каб зменшыць ужыванне жывёльнай плоці.

Пачну з таго, што адмова ад такіх прадуктаў не стала для мяне выклікам, бо я ніколі не быў закаранелым мясаедам. На сняданак ўжо даўно не ўжываў, напрыклад, калбасных вырабаў ці курынага філе. Раніца пачынаецца для мяне з яблыка, банана ці мюслі, радзей з кашы.

На антымясным маршы

У першыя дні шукаў, чым можна будзе харчавацца два бліжэйшыя тыдні. У выніку спыняюся на яйках, садавіне і агародніне, малочных прадуктах, кашах. Харчуючыся такім наборам, адчуваю сябе некалькі гадзін сытым, але гэта цягнецца нядоўга. Далей кожныя 40–50 хвілін іду на кухню і закідваю ў сябе ўсё, што бачу. Акрамя мяса, безумоўна.

Вечарамі першых трох-чатырох дзён падсумоўваю: голад не пакідаў усе дні, ад таго, што часта штосьці еў, успухнуў жывот. Думаў, што за дзень добра так паправіўся. За гэты час узнікалі думкі ўсё кінуць, але была маральная падтрымка жонкі. Плюс, на шчасце, не было побач тых, хто хацеў бы мяне «нармальна накарміць».

Істотная цяга да мяса пачала з’яўляцца напрыканцы першага тыдня, але стрымаўся. Зрабіў першы крок – варта ісці далей. Тым больш у халадзільніку не было мясных спакусаў – аб гэтым я паклапаціўся загадзя.

Дзесьці на дзясяты дзень заўважыў, што на працягу «немясных» дзён маё самаадчуванне не змянілася, арганізм правацаў без збояў. Стаў шмат есці агародніны, садавіны, малочных прадуктаў. Да гэтага ў паўсядзённым жыцці такую ежу еў не часта, а зараз адчуваю, што арганізм перабудаваўся, і цяпер тыя ж яблыкі, арэхі ці памідоры кожны дзень прысутнічаюць у рацыёне.

Выходзіць з мясной «галадоўкі» пачаў на шаснаццаты дзень. Паступова, невялікімі кавалкамі, еў вараную курыцу ці слабасмажаную рыбу разам з агароднінай, але ніякіх вэнджаных ці сыравяленых вырабаў – яны і так шкодныя, а пасля 14 дзён без мяса страўнік мог бы не ўспрыняць «копченку». У выніку такімі малымі крокамі я і вярнуўся ў шэрагі мясаедаў.

Вынікі дыеты

Падчас гэтага тэрміну мне не было складана, бо ведаў, на што іду. Важную ролю адыгрывала і меркаванне асяродку. Стэрэатып пра тое, што да канца двух тыдняў я стану бездапаможным, асунутым і змарнелым, на мяне не дзейнічаў.

Зразумеў, што адмовіцца ад мяса не гатовы, але цалкам магу есці яго меней, бо ведаю, чым замяніць. Ніякага кардынальнага паляпшэння стану я не адчуў, але і пагаршэння таксама. Адзінае, сапраўды дадалося пачуццё лёгкасці. Але яе можна дасягнуць і за кошт харчавання малымі порцыямі.

Цікава было эксперыментаваць з ежай, гатуючы стравы без мяса – уключалася фантазія, штосьці падглядаў у Інтэрнэце. Адзначыў: многім здаецца, што калі ты прыбіраеш з рацыёну мяса, то застаюцца адны памідоры ды грэчка, але насамрэч гэта не так. За гэты час знайшоў дзясяткі рацэптаў страў, якія цудоўна «заходзілі» і без мяса. Напрыклад, адкрыў для сябе кукурузныя крупы – класная штука.

Дзякуючы эскперыменту зразумеў, чаму ем мяса – дзеля задавальнення! Бо ў шматлікіх народаў свету ў нацыянальнай кухні столькі мясных страў, што пазбаўляць сябе асалоды паспрабаваць такую колькасць разнастайнай смакаты – глупства. Ды і лічу, што есці яго ў меру (лепш варанае) правільна і неабходна.

У цэлым эскперымент прайшоў лёгка, у тым ліку дзякуючы таму, што я не казаў сваім сябрам, калегам і блізкім аб гэтым. Бо пачалася бы старая песня пра тое, што мяса абавязкова трэба есці, а то станеш бледным і бяссільным. Спадзяюся, што любы адэкватны чалавек разумее, што рабіць з ежы культ – глупства і не рацыянальна ў адносінах да свайго часу.

Автор: Андрей ЩЕРБИЦКИЙ.
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Обновить Защита от автоматических сообщений