У мінулую пятніцу на Глыбоччыне адкрыты санатарна-курортны комплекс «Пліса», які па велічыні (а займае ён звыш 20 гектараў), па прыгажосці, а таксама па маштабу і якасці паслуг, відаць, не мае аналагаў у Беларусі.
Размешчаны ён у сасновым бары на беразе маляўнічага возера Пліса, на адным з астравоў якога, згодна з паданнямі, хавалася ад ворагаў Еўфрасіння Полацкая. Гэта легенда і лягла ў аснову забудовы комплексу, галоўны корпус якога з вышыні птушынага палёту нагадвае крыж полацкай асветніцы. Ён уключае ў сябе 3 будынкі, трох- і пяціпавярховыя, злучаныя паміж сабою галерэямі. У корпусе 164 нумары, розныя па памеры, абсталяваныя шыкоўнай беларускай мэбляй. Акрамя таго, крыху воддаль, «збягае» амаль да самага возера вулачка двухэтажных катэджаў.
У адкрыцці санаторна-курортнага комплексу «Пліса» прынялі ўдзел старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў і старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка.
— У Віцебскай вобласці каля дзвюх тысяч азёр, але толькі невялікая іх частка выкарыстоўваецца для аздараўлення насельніцтва. Санаторый «Пліса» — жывы прыклад таго, як можна ў спалучэнні з сучаснымі лячэннем і аздараўленнем скарыстоўваць унікальную прыроду Віцебскай вобласці, — зазначыў падчас адкрыцця санаторна-курортнага комплексу старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў. — Лічу, што нічога падобнага ў рэспубліцы пакуль няма. Тут сабраны лепшыя перадавыя тэхналогіі аздараўлення. Прыемна, што менавіта на віцебскай зямлі створаны такі аб’ект.
Кіраўнік вобласці таксама падкрэсліў, што аздараўляльны цэнтр важны для раёна яшчэ тым, што тут створана каля 200 новых працоўных месц. Інвестар уклаў ва ўзвядзенне комплексу вялікія сродкі. І адна з задач, якую ставяць заснавальнікі, — прыцягненне замежных кліентаў, якія арыентаваны на якасны сэрвіс і комплекс паслуг (аздараўленне, актыўны адпачынак, турызм).
Разам з тым Мікалай Шарснёў выказаў надзею на тое, што адпачываць у «Плісе» будуць і беларусы, якія раней праводзілі адпачынак за мяжой.
Яшчэ на адным важным моманце акцэнтаваў увагу М.Шарснёў — прадукты харчавання ў новы санаторый будуць паступаць з глыбоцкіх прадпрыемстваў — малочна-кансервавага камбіната і мясакамбіната. Акрамя гэтага, заключаны дагаворы на пастаўку экалагічна чыстай сельгаспрадукцыі.
Адначасова комплекс «Пліса» можа прыняць да 500 чалавек. Людзі змогуць прыехаць сюды з рознымі мэтамі: хтосьці істотна паправіць здароўе, а хтосьці проста адпачыць ад гарадскога тлуму, розных нягод жыцця. Для гэтага тут ёсць усё.
Так, вялізарны медыцынскі корпус начынены ў прамым сэнсе слова не толькі найноўшым абсталяваннем, але і ў многіх выпадках — унікальным.
Сюды, адразу са свідравіны, якая знаходзіцца на тэрыторыі санаторна-курортнага комплексу, падаецца ў лячэбныя ванны мінеральная вада. Прапануюцца таксама мясцовыя гаючыя гразі для суставаў ног і рук.
Для паслуг жа тых, хто жадае правесці адпачынак больш актыўна, — закрыты плавальны басейн даўжынёю 25 метраў, тэнісная, футбольная і валейбольная пляцоўкі, лодачная станцыя. Плюс — турыстычныя маршруты: конныя і пешшу.
Калі пад’язджаеш да комплексу, нельга не звярнуць увагі на прыгожыя палі з бульбай, морквай, капустай, а таксама на цяпліцы, дзе спеюць памідоры, гуркі. Гэта — падсобная гаспадарка «Плісы». Прадукты ў сталовай падаюцца свае, экалагічна чыстыя. Ёсць нават ферма па гадоўлі бычкоў.
Для абслугоўвання і самога курортна-санаторнага комплексу, і яго падсобнай гаспадаркі спатрэбіцца да 200 чалавек. Набіраюць іх у асноўным з жыхароў недалёкіх населеных пунктаў: вёскі Пліса і гарадскога пасёлка Падсвілля. Для медыцынскага персаналу, прыезжых, ёсць камфартабельнае жыллё.
Узвяло аб’ект вытворча-будаўнічае закрытае акцыянернае таварыства «Трэст Прамбуд» (Мінск), рэалізуючы такім чынам інвенстыцыйны праект Віцебскага аблвыканкама.
За год «Пліса» зможа прыняць да 6 тысяч адпачываючых як з Беларусі, так і з блізкага і далёкага замежжа.
© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.