Кветкі-свяцільні робяць у Шумілінскiм ТЦСАН

logo
Среда, 28.11.2018 16:20 | Рубрика: Общество
02119

У пастаянным творчым пошуку знаходзяцца супрацоўнікі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Шумілінскага раёна. Гэта становіцца зразумела адразу, як толькі пераступаеш парог установы, фае якой проста патанае ў кветках. Вялізных, яркіх – незвычайна прыгожых. Да таго ж аказваецца, што гэта не проста інтэр’ерныя кветкі, а яшчэ і свяцільні.

– Усё нашы дзяўчаты-майстрыхі, – кажа дырэктар ТЦСАН Валянціна Штуро. – Яны адшукваюць у інтэнэце, асвойваюць новыя тэхнікі і не стамляюцца нас здзіўляць вось такой прыгажосцю.

Генерыруюць і ўвасабляюць у жыццё творчыя ідэі разам са сваімі падапечнымі загадчык аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Вольга Лабейка і кіраўнік гуртка Марына Валчэцкая.

– Мы робім сувеніры з атласных стужак, моднага зараз фаамерану, гафрыраванай паперы, тканіны, дэкарыруем звычайныя бутэлькі, з якіх атрымліваюцца выдатныя падарункі да Новага года, – пералічвае Вольга. – А для вырабу гэтых кветак-свяцільняў, напрыклад, нам спатрэбіўся ізалон – матэрыял, які нагадвае падкладку пад ламінат, і спецыяльны будаўнічы фен.

Штодня ў цэнтры працуе “творчая майстэрня”: людзі з абмежаванымі магчымасцямі і пажылыя з задавальненнем асвойваюць новыя тэхнікі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, каб потым самастойна рэалізоўваць усе свае творчыя задумы.  

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА.