7 лiпеня шматкватэрны дом і станцыя абезжалезвання адкрыліся ў Шумілінскім раёне

logo
Понедельник, 09.07.2018 18:38 | Рубрика: Общество
01579

Можна шмат гаварыць маладым сем'ям пра тое, што краіне патрэбны маленькія грамадзяне. І чым больш, тым лепш. А можна ўзяць і пабудаваць для іх дом. Так выйшла, што 28 з 29 сем'яў, якія атрымалі прапіску ў новым шматкватэрным доме ў Шуміліне, — шматдзетныя. І на ўсіх — амаль сотня дзяцей. Гэты факт надаў асаблівае гучанне ўрачыстым мерапрыемствам, якія ладзіліся з нагоды ўводу ў эксплуатацыю 32-кватэрнага дома па вуліцы Кааператыўнай у Шуміліне.

Пэўны сімвалізм у тым, што надзвычай важная для горада падзея адбываецца менавіта 07.07, заўважыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, які раздзяліў з шумілінцамі радасць наваселля. «Магія лічбаў падказвае, што ўсё адбываецца правільна, што гэты дом стане па-сапраўднаму родным для вас, цёплым і ўтульным, апынецца тым месцам, куды заўсёды будзе хацецца вяртацца», — сказаў Уладзімір Уладзіміравіч, звяртаючыся да навасёлаў. Выказва­ючы словы ўдзячнасці ўсім, чыя работа стаіць за гэтай шматпавярхоўкай, ён асаб­ліва падкрэсліў, што шумілінская будаўнічая ар­га­нізацыя ПМК-70 заўжды выконвае работу якасна, у тэрмін, пакідаючы толькі добрыя ўра­жанні тым, хто потым эксплуатуе будынкі.

Удзячнасць ды­рэктару ПМК-70 Аляксею Крыўко выказаў і стар­шыня Шумілін­скага райвыкан­кама Аляксандр Снараў. Кіраўнік раёна заўважыў, што гэта падзея працягвае шэраг станоўчых змен на карысць камфорт­нага жыцця людзей. Ён акцэнтаваў увагу на тым, што будаўніцтва жылля на Шуміліншчыне будзе працягнута і ў наступным годзе: з'явіцца 32-кватэрны дом на той жа вуліцы Кааператыўнай. Ужо распачаты праектныя работы. А значыць, чарга з жадаючых палепшыць свае жыллёвыя ўмовы ў больш за 500 чалавек паменшыцца.

Словы ўдзячнасці кіраўніцтву раёна, задаволенасць умовамі, якія створаны ў краіне для шматдзетных сем'яў, ад імя навасёлаў выказала Таццяна Шаціла. Яна разам з мужам Аляксандрам гадуе чатырох дзетак і надзвычай рада якасным пераменам да лепшага ў жыцці сваёй сям'і.
Сям'я Шаціла атрымала ключы ад кватэры ў новым доме.

Магчыма, не так радыкальна, але ўсё ж істотна змянілася 7 ліпеня і жыццё амаль 2200 чалавек гарадскога пасёлка Обаль Шумілінскага раёна. Менавіта столькі чалавек карыстаюцца там паслугамі водазабеспячэння і да сённяшняга часу мелі нараканні на якасць пітной вады, нормы жалеза ў якой былі перавышаны.

Для таго, каб забяспечыць насельніцтва пасёлка пітной вадой нарматыўнай якасці, у 2016 годзе быў распрацаваны праект будаўніцтва станцыі абезжалезвання. Віцебскі аблвыканкам прапанаваў дадзены аб'ект для рэалізацыі ў рамках праекта «Развіццё сістэм водазабеспячэння і водаадвядзення», фінансуемага за кошт сродкаў дадатковага займу Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця. Распачатыя ў студзені гэтага года работы былі завершаны ў тэрмін. Будаўніцтва станцыі абезжалезвання ў Обалі, заказчыкам якога выступіла УП «Віцебскаблводаканал», каштавала больш за 260 тысяч рублёў.

На станцыі абезжалезвання (злева направа) Уладзімір Цярэнцьеў, Аляксандр Снараў,
генеральны дырэктар УП «Віцебскаблводаканал» Аляксей Хвалько, дырэктар ААТ «Гомельпрамбурвод» Віктар Шыкін.

Чыстая вада — гэта найперш здароўе яе спажыўцоў. А таму ўвядзенне такога кшталту аб'екта асабліва важнае.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталля ЧАРНІЧЭНКА. Фота аўтара.