Самый современный ФОК Витебской области открыли в Ушачах

logo
Среда, 11.10.2017 17:06 | Рубрика: Общество
03082

Гістарычнай датай для Ушач стала 6 кастрычніка: у райцэнтры адкрыўся фізкультурна-аздараўленчы цэнтр «Юнацтва-Ушачы».

Гэты аб’ект з нецярпеннем чакалі і дарослыя, і дзеці. У гарпасёлку мелася спартыўная зала для гульнявых відаў спорту, некалькі гадоў таму для наведвальнікаў стала даступнай трэнажорная зала, але людзі марылі пра басейн. А вынікі пераўзышлі ўсе чаканні ўшачан.

Фізкультурна-аздараўленчы цэнтр стаў сапраўдным упрыгожаннем гарпасёлка і ў літаральным сэнсе слова злучыў два маладыя мікрараёны — лічаныя гады таму паміж вуліцай Віцеб­скай і вуліцай індывідуальнай забудовы імя Лабанка была пустэча. З нядаўняга часу гэтае месца стала адным з самых прывабных для прагулак жыхароў Ушач, бо добраўпарадкаванне вялікай тэрыторыі вялося паралельна з будоўляй, і на тым месцы, дзе раней квакалі жабы і рос чарот, праляглі акуратныя дарожкі з пліткай, з’явіліся асфальтаваныя пляцоўкі, лавачкі і малыя архітэктурныя формы. Дата ж уводу ў эксплуатацыю самога будынка комплексу некалькі разоў пераносілася — работы ішлі няпроста, бо абсталёўвалася памяшканне па апошняму слову тэхнікі, з прымяненнем сучасных матэрыялаў.

Ацаніць зробленае ў мінулую пятніцу змаглі сотні ўшачан і гасцей урачыстага адкрыцця. Сярод самых ганаровых — старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка, старшыня абл­выканкама Мікалай Шарснёў, начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыкан­кама Васіль Захарэвіч, прадстаўнікі шматлікіх будаўнічых арганізацый, якія былі задзейнічаны на аб’екце. Генеральным падрадчыкам выступала КУП «Полацк­сельбуд», а на работу ва Ушачы акрамя мясцовай ПМК-66 прыязджалі брыгады з Глыбокага, Шаркаўшчыны, Полацка і іншых суседніх рэгіёнаў Віцебшчыны.

Пра тое, што фізкультурна-аздараў­ленчы цэнтр павінен стаць прыцягальным аб’ектам не толькі для жыхароў Ушач, але і ўсяго рэгіёна, казаў падчас свята У. Андрэйчанка. «Па сваім функцыянальным значэнні, па абсталяванні — гэта ўнікальны аб’ект, — адзначыў ён у прыватнасці. — На будаўніцтва плошчаў у 6 тысяч квадратных метраў затрачана 14 мільёнаў рублёў. Трэнажорная зала, зала гульнявых відаў спорту, дзе можна займацца і валейболам, і баскетболам, і гандболам, і іншымі, басейн, які адпавядае патрабаванням Міжнароднай федэрацыі плавання, дазваляюць прымаць спаборніцтвы самага высокага ўзроўню». Уладзімір Паўлавіч, пры непасрэднай падтрымцы якога і будаваўся аб’ект, адзначыў, што фізкультурна-аздараўленчы комплекс для Ушач — не толькі спорт і зда­роўе, а і некалькі дзясяткаў працоўных месцаў, вырашэнне праблемы водазабеспячэння, бо існуючая сістэма закальцаваная з новай свідравінай. «Гэта вя­лікі падарунак жыхарам Ушач і Ушацкага раёна ад дзяржавы», — пад­вёў вынік свайму выступленню спі­кер беларускага парламента.

М. Шарснёў павіншаваў ушачан з па­дзеяй і выказаў мер­каванне, што такому аб’екту пазайздросцілі б і ў сталіцы. Універсальная зала на 228 месцаў мае нават скаладром вышынёй 11 метраў, а ў басейне воднымі аздараўленчымі працэдурамі могуць займацца і людзі з абмежаванымі магчымасцямі — для іх зманціраваны спецыяльны пад’ёмнік. У распара­джэнні прыхільнікаў здаровага ладу жыцця і саўна, па самых сучасных стандартах абсталяваны канферэнц-зала, інтэрнат для спартсменаў, створаны камфортныя ўмовы для заняткаў шэйпінгам, барацьбой, настольным тэнісам, для наведвальні­каў комплексу працуе кафэ. «Сёння на ад­крыцці шмат дзяцей, — зазначыў старшыня аблвыканкама. — І гэта вельмі добра, бо заняткі спортам з маленства фарміруюць такія якасці, як сіла волі, мужнасць, вучаць дасягаць пастаўленай мэты. Гэтыя рысы характару дапамагаюць у любой справе».

Перарэзаўшы сімвалічную стужку, госці правялі экскурсію па комплексе, з трыбун паназіралі за ўдзельнікамі турніру па дзюдо, паразмаўлялі з першымі наведвальнікамі трэнажорнай залы і басейна, якія былі ў захапленні і выказвалі шчырыя словы ўдзячнасці за магчымасць займацца фізкультурай і спортам у такіх умовах. Гасцямі мерапрыемства сталі і прадстаўнікі некалькіх спартыўных федэрацый. Напрыклад, знакаміты беларускі дзюдаіст чэмпіён Еўропы і віцэ-чэмпіён свету Сяргей Шундзікаў высока ацаніў магчымасці абсталявання трэнажорнай залы і нават паказаў прынцып работы некаторых механізмаў. У тым, што на базе «Юнацтва-Ушачы» можна годна праводзіць вучэбна-трэніровачныя зборы каманд майстроў па самых розных відах спорту, упэўніліся і іншыя. «Сапраўдная жамчужына», — у захапленні характарызавалі комплекс госці і жыхары.

У тым, што пуставаць ён не будзе, можна было ўпэўніцца ўжо на наступны дзень. Сюды ішлі не толькі ўшачане, але і пад’еха­лі жыхары Лепельскага раёна, ацаніць новы басейн вырашылі і некалькі новапалачан (дарэчы, яшчэ некалькі гадоў таму жыхары райцэнтра ўзімку ездзілі плаваць менавіта ў горад нафтавікоў). Зараз жа дзякуючы ўвазе дзяржавы да развіцця фізічнай культуры і спорту заняткі ў басейне і магчымасць весці здаровы лад жыцця круглы год даступныя і людзям невялікіх сельскіх раёнаў.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Дзмітрый Раманоўскі, галоўны рэдактар газеты «Патрыёт» Ушацкага раёна.