Студентку года выбрали в Витебском госуниверситете имени П.М.Машерова

logo
Среда, 19.10.2016 17:50 | Рубрика: Общество
02046

У сярэдзіне кастрычніка ў ВДУ імя П.М. Машэрава прайшоў агульна­ўніверсітэцкі конкурс «Студэнт года ВДУ».

Наталля Тарарышнікава са сваёй групай падтрымкi.

У конкурсе прынялі ўдзел выключна дзяўчаты. Кожны з 11-ці факультэтаў прадставіў уласнага прэтэндэнта на ўдзел. Да фінальнага этапу конкурсу дайшлі шэсць студэнтак — лепшых у вучэбнай, навукова-даследчай, грамад­скай, спартыўнай і творчай дзейнасці па выніках мінулага вучэбнага года.

Прэтэндэнткі спаборнічалі ў наступных конкурсах: «Партфоліа», прэзентацыя кніг «Крыніцы мудрасці», інтэлектуальны конкурс «Пазіцыя» і творчы нумар «Беларусь культурная».

Першы этап прайшоў загадзя. Паводле яго канкурсанткі прадставілі інфармацыю пра сябе, свае дасягненні ў вучобе і творчасці. На другім этапе трэба было максімальна займальна расказаць пра сутнасць выбранай кнігі, заахвоціць гледачоў да яе прачытання.

Інтэлектуальны конкурс «Пазіцыя» ўключаў у сябе кароткае вуснае выступленне. Кожная ўдзельніца мусіла выказаць сваё стаўленне да пэўнай праблемы, дэманструючы аратарскія ўменні, лагічнасць, дакладнасць культуры маўлення і крэатыўнасць мыслення. У апошнім этапе конкурсу студэнткі дэманстрава­лі свае творчыя магчымасці, радуючы гледачоў вакальным, харэаграфічным і акцёрскім майстэрствам.

Старшыня журы, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі адміністрацыі Першамай­скага раёна Наталля Сакалова выказала шкадаванне, што не было хлопцаў-канкурсантаў, і аб'явіла імёны прызёраў. Трэцяе месца заняла студэнтка факультэта фізічнай культуры і спорту Дзіяна Казарэз, другая прыступка п'едэсталу за ўдзельніцай з матэматычнага факультэта Янай Цывіс. Лепшай у гэтым годзе стала Наталля Тарарышнікава з філалагічнага факультэта.

Злева направа: Яна Цывіс, Дзіяна Казарэз, Наталля Тарарышнікава.

Пераможца будзе прадстаўляць універсітэт на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года» 10 лістапада ў актавай зале ВДМУ, дзе збяруцца найлепшыя прадстаўнікі сваіх ВНУ.


© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Андрэй ШЧАРБІЦКІ. Фота аўтара.