У гонар 500-годдзя першай беларускай друкаванай кнігі ў Віцебску спяклі 25-кілаграмовы торт

logo
Понедельник, 07.08.2017 14:24 | Рубрика: Общество
02901

500 гадоў таму адбылася важная падзея для славянскіх народаў – 6 жніўня 1517 года асветнік з Полацка Францыск Скарына выдаў першую беларускую друкаваную кнігу – «Псалтыр». У гонар юбілею ў нашым горадзе спяклі 25-кілаграмовы торт у выглядзе Скарынавай Бібліі. Яго памеры склалі 80х60 сантыметраў, а вышыня – 10 сантыметраў.


Адным з аўтараў кулінарнага шэдэўра стала Анастасія Зямлянка, прыхаджанка евангельскай царквы «Добрая весть». Яна расказала, што за тыдзень да значнай даты пастар нагадаў, што набліжаецца паўтысячны юбілей беларускага кнігадрукавання.


– Падзея гістарычная, таму ў мяне і з’явілася ідэя зрабіць з гэтай нагоды торт. Разлічваць трэба было мінімум на 250 чалавек, таму менш чым 25 кілаграмаў торт не атрымліваўся, – адзначыла Анастасія. – Яго рыхтавалі ўвечары напярэдадні мерапрыемства. У яго складзе класічны бісквіт, вяршкі, заварны крэм, вараная згушчонка і праслойка з ананасаў. Баяліся, што з-за памераў падкладкі мы не зможам пранесці торт праз дзвярны праём, але ўдалося. Тэкст і ўзоры на кнізе я рабіла, арыентуючыся на Скарынаўскую Біблію. У нядзелю пасля святочнага набажэнства мы падзялілі гэты торт з парафіянамі і гасцямі нашай царквы. Атрымалася сапраўднае свята!

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Андрэй ШЧАРБІЦКІ. Фота з групы царквы ў «ВКонтакте».